Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

соўваўся да разуменняў двух старых жанчын, з якімі ён праводзіў жыццё. Калі ён смяяўся, ён смяяўся як школьнік.

У прыватным жыцці епіскап Мірыель быў той-жа самы, што і ў грамадскім жыцці. Для тых, хто ўбачыў-бы яго блізка, яго дабравольная беднасць прадстаўляла ўмільнае і ўзрушаючае відовішча.

Як і большасць старых і лятуценнікаў, ён спаў вельмі мала. Але нядоўгі сон яго быў вельмі глыбокі. Раніцою ён размышляў на працягу гадзіны, потым правіў абедню ў саборы ці ў сябе дома. Пасля гэтага снедаў, размочваўшы кавалкі аржанога хлеба ў малаку. Потым браўся за работу і перш за ўсё разбіраў справы епархіі. Скончыўшы з імі, ён пачынаў свае наведванні бедных і хворых; вольны-ж ад усіх гэтых заняткаў час ён аддаваў рабоце ў сваім садзе. Часам ён чытаў ці пісаў. Абодва віды працы — у садзе і за пісьмовым сталом — ён аднолькава называў садаводствам.

— Душа — той-жа сад, — казаў епіскап Мірыель.

Каля поўдня, калі надвор‘е было добрае, ён выходзіў гуляць у поле або ў горад, заходзячы часта ў халупы. Ён ішоў па дарозе адзін, заняты сваімі думкамі, з апушчанымі ў зямлю вачыма, абапіраючыся на доўгі кій. На ім была надзета фіялетавая раса, на ваце і вельмі цёплая. На нагах таксама фіялетавыя панчохі і грубыя чаравікі, а на галаве плоскі трохвугольны капялюш з залатымі кутасамі на канцах.

Усюды, дзе-б ён ні з‘яўляўся, нібы наступала свята. Можна было сказаць, што яго наведванне разлівала цяплыню і святло. Дзеці і старыя выходзілі на парогі дамоў, быццам насустрач сонцу. Ён благаслаўляў, і яго благаслаўлялі. Усім бедным паказвалі на яго жыллё.

Там і сям ён спыняўся, загаварваючы з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі і ўсміхаючыся маткам. Ён наведваў бедных, пакуль у яго былі грошы. Калі-ж іх у яго не было, ён ездзіў да багатых.

З прычыны таго, што ён даношваў свае падраснікі да апошняй ступені і не хацеў, каб іншыя гэта бачылі, ён ніколі не з‘яўляўся ў горадзе без сваёй ліловай расы. Улетку, праўда, яна крыху яго абцяжарвала.

Вярнуўшыся з прагулкі ён абедаў. Абед быў падобны да снедання.

Увечары, у восем з паловаю гадзін, ён вячэраў разам з сваёй сястрой, прычым за сталом прыслужвала пані Маглуар. Нельга ўявіць сабе нічога скрамней за гэтую вячэру. Але ўсё-ж, калі здаралася, што ў епіскапа быў госць, пані Маглуар карысталася выпадкам і гатавала якую-небудзь