назоў „дзейны адпачынак“. Характар дзейнага адпачынку вельмі блізкі да таго, што Заходняя Эўропа ведае ўжо даўно і чым карыстаецца ў адносінах да адзінкі. У Саветах гэныя загады з габінэтаў лекарскіх пайшлі ў фабрыкі, вялікія сельскія гаспадаркі. У дзейным адпачынку бачым высокі культ працы і адначасна сьцьверджаньне, што ня толькі мучае сама праца, колькі характар гэнае працы, нашыя суб’ектыўныя да яе адносіны. Ведаем, што людзі ня то што месяцамі а ўсё жыцьцё працуюць бяз ніякага адпачынку, быццам ня ведаючы аб існаваньні 8-мі гадзіннага дня працы, і яны ня мелі ніколі магчымасьці спытацца сябе, ці мо’ яны нешчасьлівыя. Ня пыталіся сябе з тае прычыны, што ім было зусім добра. Калі-б нехта хацеў разумець вялікую здабычу грамадзкую — 8-мі гадзінны дзень працы — ў тым сэнсе, што чалавек сапраўды нічога не рабіў-бы, апрача яды і сну ў гадзінах свайго адпачынку, дык гэта была-б памылка псыхолёгічная і памылка ў плошчы гыгіены псыхічнае.
Чалавек тымбольш шчасьлівы, чым шырэйшы кантакт ягоны з жыцьцём. Якая, прыкладам, розьніца паміж чалавекам культурным, інтэлігентным а бедным з аднае стараны, а багатым ды за тое бяз ніякае культуры. Багатыр ведае вартасьць грошаў вельмі аднабока, ня ўмее ён іх выкарыстаць на нішто іншае, як ежу, смашныя напіткі, скажам яшчэ на прыгожую вопратку і хатнюю абстаноўку. Самыя грошы не пашырылі ягонага кругавіду, ня збольшылі колькасьці і багацьця ягоных перажываньняў. Ніхто ня будзе спорыць, што грошы вельмі важны мамэнт пры сяньняшнім ладзе эканамічным, як спосаб пазнаёміцца з жыцьцём, ягонымі правамі, аднак яны не роўназначныя з пашырэньнем плошчы жыцьцёвае ўласьніка грошаў. Сьвет, жыцьцё растуць і пашыраюцца дзеля нас пастолькі, пасколькі зрабілі мы ўклад працы, каб бліжэй пазнаёміцца з ягонымі праявамі, зьместам вельмі рознаякім і багатым.
Дык вось дзейны адпачынак будзе рэалізацыяю такіх адносінаў да жыцьця. Адпачынак — гэта ня гультайскае нічоганяробленьне. Адпачынак у Саветах урэгуляваны, прысьвечаны ён на грамадзкую працу, на чытаньне кніжак, на ўзгадаваньне і разьвіцьцё мастацкіх нахілаў, на спорт, на таварыскае жыцьцё і г. д. Адно толькі нас „індывідуалістых“ магло-б палохаць, што там у Саветах на ўсім ёсьць штамп афіцыяльны, няма здаецца месца на пачын індывідуальны, пачын адзінкі. Гэты апошні мамэнт не аснаўны. Прынцып сам па сабе вельмі і магчыма нат’ адзіна правільны.
Штодзенная праца, асабліва ў прафэсыях ня выклікаючых больш жывога зацікаўленьня (нажаль заўсёды будуць і такія прафэсыі) патрабуе адплаты. Сама грашовая ці іншая плата яшчэ замала, каб здаволіць усе цікаваньні працоўнае адзінкі. Бязумоўна, сказу гэнага ня трэба разумець такім спосабам, што кожная адзінка будзе актыўна займацца музыкаю, малярствам ці