Ня гледзячы на нячуванае разьвіцьцё гэнае навукі, ня гледзячы на пазорныя магчымасьці, якія адчыняюцца перад ею ў будучыне, трэба прызнацца, што ўчора і сяньня жыцьцё чалавека мела, мае і меціме шмат чаго незразумелага, магчыма на наш пагляд на’т супярэчнага. На жаль, сяньняшняя мэдыцына ня ўмее лекаваць шмат якіх нядужасьцяў чалавека. Людзі не паддаюцца аднак зьнеахвочваньню, шукаюць нейкага выхаду. Гэная вось свомасьць чалавека і дала нам гыгіену ды адначасна і профіляктыку. Заклік „не дапусьціць да хваробы“ сяньня вельмі папулярны ў мэдыцыне і ён найбольш мэтазгодны і зразумелы. Сяньня можна зусім пэўна сказаць, што чым вышэй гыгіена ў нейкім грамадзтве, дык тым вышэйшая там культура. Высокі ровень гыгіены — гэта ня толькі жарало здароўя, гэта прымета сьпеласьці асяродзішча.
Гыгіена займаецца рознымі старонамі жыцьця. Дзеля таго, кажам аб гыгіене вёскі, вялікіх гарадоў, аб гыгіене ротавае паражні, гаворым аб гыгіене школы, гыгіене хатняй, гаворым таксама аб гыгіене псыхічнай. Паасобныя галіны гыгіены займаюцца датарнаванвьнем практычным правілаў гыгіены да канкрэтных умоваў жыцьцёвых адзінкі або нейкае суцэльнасьці людзей,
Зьмест пайма гыгіены ротавае паражні зразумелы. Цікуецца тутака аб тым, што рабіць і чаго не рабіць, каб не хварэлі зубы. Гыгіена псыхічная шмат менш папулярная, яе людзі найменш разумеюць, ня ўмеюць ацаніць, як сьлед, таго значэньня нашага паступаньня ў сфэры псыхічнай. У зьявішчах фізычных лягчэй наглядаць залежнасьць паміж двума зьявішчамі. Тутака вельмі часта безпасярэдна прыходзіць быццам біолёгічная кара за грэх проці загадаў натуры, усёроўна, ці мы ведаем ці не гэныя законы натуры. Нехта нічога ня чуўшы аб гыгіене вельмі добра зьдзейсьняе ейныя вымогі ў штодзенным сваім жыцьці. Возьмем вопратку. Ніхто ня пойдзе бяз вопраткі ў халоднае надвор’е, інакш апранецца на дождж, інакш на мароз. Калі-б ня быў згодны з гыгіенаю, скажам вопраткі, адчуе на сабе шкодныя сьледамкі — прастудзіцца, змокне, балеціме ў яго галава і г. д. Падчас дык у вельмі жорсткай форме прыходзіць практыка Прыкладам, тыфус брушны ці сыпны сустракаюць таго, хто ня ведаў ці забыўся аб бактэрыях, хто ня хоча глядзець за чысьцінёю цела і дапускае да вошаў, плюскваў.
Ня бачым затое стульнага і безпасярэдняга злучва паміж „грахом“ і „караю“ ў плошчы псыхікі, а кара тутака ня меншая, чымся нядужасьці цялесныя, што будуць сьледамкамі нястачы гыгіены агульнае. Праступкі проці гыгіены псыхічнае вядуць няўхільна вельмі часта да зацяжных хваробаў нэурозных, ды бывае і да нядужасьцяў псыхічных, нечага найбольш страшнога, што можа насустрэць чалавека.
Вока нашае прывыкла часта бачыць, што нехта быццам сьвядома лезе бядзе ў вочы, знарок не спаўняючы вымогаў гыгіены, а здароўе ягонае лепшае, чымся разважных і асьцярож-