Перайсці да зместу

Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

як ляпае злосна па шыбах, як вые, гвалтуе пагрозна, адлятае на момант, каб разагнацца, каб з новай сілай ударыць, каб сьцяну праламіць, каб насьцігнуць, злавіць, разарваць у шкумацьце.

А мо‘ гэта ворагі? Мо‘ гэта людзі сабраліся там за акном, усе людзі, увесь сьвет, прышлі на расправу з ім, злосным злачынцам? Мо‘ сьцерагуць, падцікаюцца, мо‘ ўжо й тут, пад дзьвярмі? Ці замкнуты хоць дзьверы?

Ага. Дзьверы замкнуты. Ён не адамкне. Ён ня пусьціць нікога. Хай дабіваюцца. І ня здасца ён ні за што. Біцца будзе, кусацца, зьверам лютым кінецца на таго, хто першы ўвойдзе.

А якая-ж па целе балючая млосьць расплываецца, слабасьць якая! Ногі дрыжаць, трэба сесьці. Трэба падумаць — спакойна так, ціха.

І чаго ён узрушыўся так? Нічога-ж няма. Гэта вецер там вые, завіруха сягоньня, сьнег пэўна вялікі йдзе. А за дзьвярмі, ён-жа ведае добра, няма нікагутка. Суседзі ў кватэрах сваіх, чаго ім бадзяцца тут. Вось адпачнуць цяпер троху і тады зноў працаваць. Трэба-ж як-небудзь кнігі падвесьці. Напружыцца троху — і будзе ўсё добра. І небясьпекі ніякай ня будзе. Тады — паехаць адсюль, у другі горад, да новых людзей, да новых уражаньняў.