І прыгажэў, усё прыгажэў у ваччу вобраз любае, добрае Ніны. І ўсьміхалася краскамі яснымі жаданае, недалёкае.
Было так адразу. А потым сьцюдзёнае, чорнае балюча ўелася ў сэрца. Празьвінела спачатку пясьмелым ледзь чутным водгукам, потым расло і расло, як перад бураю хмары цяжкія на небе. Задушыла радасьць, паўстала пагрозаю жудаснай.
— Злодзей-жа я… Мо‘ заўтра ў турму… Як я сьмеў? Як я адважыўся нават казаць ёй аб гэтым?.. Злодзей я, злодзей паскудны…
Цяжка зьнібела сэрца. Трудна ўлежаць было, хацелася ўстаць, нешта зрабіць, нешта паправіць. А хоць уцячы куды-небудзь. З ёй, з любаю Нінай. Пайсьці да яе і сказаць:
— Я злачынец. Мне больш няможна тут аставацца. Хочаш — паедзем з табой, паедзем у сьвет, будзем шукаць сабе долі?
І тады — куды-небудзь у далёкую дзікую краіну, дзе зусім мала людзей, дзе ня трэба ні грошы, ні службы, дзе працаваць толькі трэба, шчыра працаваць. Там, далёка-далёка, яны саўюць гнязьдзечка сабе, будуць шчасьліва жыць удваёчку, ніхто не пакрыўдзіць іх, не ашукае. Ён будзе любіць яе, будзе берагчы ад дзікіх зьвярэй, будзе здабываць ёй яду. А яна таксама будзе любіць яго й шанаваць…