— Любы мой!
Ён бярэ на рукі яе. На ложак нясе. Тут, у брудзе гэтым, у пекле, на вачох у гэтай разьюшанай зграі…
Ат, хай, што хоча. Яна яго, ён узяў яе, заўладаў ёй па праву дужага, сьмелага.
Хай робіць, што хоча.
Белы дзень чаду ня любіць. Белы дзень жорстка зрывае пялёнкі з ачэй, паказвае сьвет, як ён ёсьць. Раніцой зьнікаюць ночныя хварбы-яскравасьці і на іх месцы астаецца адна бледная хворая сінь. Раніцой — прапітае, прагарэлае сэрца абдаецца золкай цьвярозасьцю і сьціскаецца ў холадзе белым.
І тады мокра садніць нутро.
А Яроцкаму дзень — яшчэ новы прыступ напорнай трывогі, новы наплыў цьвярозых назольлівых думак. Таму й цяжарыла яго Лідачка, таму й лішняй, непатрэбнай, дакучнай была прысутнасьць яе.
У Лідачкі пад вачмі адвісла сінелі мяшкі, а на распухлым твары расплыліся ў бліскучым поце гразёвыя плямы.
Як адпраўляў Лідачку Віктар да хаты, яна не пярэчыла. Яна тупа, алавяна зірнула на яго і толькі сказала, выходзячы:
— Як баліць у мяне галава!