чаньні пачуцьцё выяўляецца? Ха-ха, гэта вельмі кісла, ведаеш, і няцікава.
Лідачка адступіла, працятая непаразуменьнем.
— Віктар, што ты гаворыш? Што табе трэба яшчэ?
— Мне зусім нічога ня трэба. Я ня прывык прасіць. Я хачу толькі, каб ты сама сазналася ў тым, што ўсе твае словы — толькі словы і зусім пустыя… Вось слухай… Усё тое, што ты чула пра мяне, усё тое, што казаў гэты Горскі, усё гэта — праўда. Так, так. Больш таго. Яны мо‘ сотую частку ведаюць толькі. Я — злачынец, я — прахвост, я чалавек, які згубіў усё чалавечае, я — злодзей, я — распусьнік, я — зьвер… Мне месца ў турме, на катарзе. Я вораг чалавецтва; такіх, як я, зьніштажаюць. І зьніштожаць мяне, я чую, хутка прыдзе мой час, ён набліжаецца.
Лідачка слухала, скамянелая. Білі яе, цяжкімі ўдарамі білі жорсткія словы Яроцкага, гасілі сьвядомасьць, засьцілалі мазгі атрутнай чмутой. Сам Яроцкі страшным здаваўся, дзікім, нязвычайным. Хацелася бегчы ад яго, уцячы далёка-далёка, каб ня бачыць калючых вачэй, каб ня чуць сухога, рашчэпленага голасу, каб забыцца зусім, выкінуць з уяўленьня яго страшэнны вобраз. І разам з тым ней-