Перайсці да зместу

Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Толькі Лідачка — вясёлая, жвавая — зьвініць бязрупатным сьмехам, дурэе, гарэзуе, як і раней. Яна не зважае на матчын настрой, бо добра ведае, чаму матка так сярдзіта схілілася над швівам. Сьмешная мамка. Яна-ж ня ведае, што гэта няпраўда, што Віктар бязьвінны, зусім бязьвінны. Глупства. Як пойдзе Яроцкі, Лідачка ў момант разгладзіць маршчынкі на мамкіным твары. І добра пасьмяюцца тады яны разам.

Нядобра толькі Лідачцы стала, як у пакой увашоў Горскі. Пачулася вострая напятасьць, напружанасьць. Быццам унёс з сабой Горскі халоднасьць нейкую — сухую, жорсткую, якая прыкра ўсіх шкрабанула, абудзіла ўва ўсіх настарожанасьць.

Горскі прывітаўся з Яроцкім, але рукі не падаў. Лідачка ўбачыла, як нэрвова трасуцца яго вялікія рукі. Яшчэ ўбачыла ў Яроцкага ў чорных глыбокіх вачох зеленаваты агоньчык. Скаланула сэрца трывога. Чула, што нешта будзе — страшное, нядобрае.

Горскі першы пачаў.

— Вы яшчэ не паехалі?

— Як бачыце. Яшчэ тут марынуюся.

— Ну, як вашы посьпехі?

— О, шчасьце заўсёды са мной. Яно мяне любіць, бо і я таксама люблю яго і ўмею яго даставаць.