Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

формы, бляск і цырамоніі заступілі месца духоўнага разьвіцьця. Але лепшыя людзі не палохаліся. Яны працавалі і далей, каб выратаваць народ, і твары іх набылі больш сур’ёзны выраз людзей, якія папераджаюць аб чымсьці страшным. З іх слухачоў мала хто добра зразумеў іх і быў напалоханы гэтым; другія-ж адварачваліся са сьмехам ўсё глыбей лезьлі ў сваё балота гразі. Урэшце, надышоў час, калі лепшыя людзі таксама адхінуліся, як людзі, што нічога болей ня могуць зрабіць, і пакінулі гэты народ на яго лёс.

Потым мы ўбачылі страшэнны малюнак. Быў адзін чалавек дзіўнай сілы, духу і цела, які нібы вёў за сабою другіх. Гэта ён прыцягнуў усю навуку свае краіны, — навуку, якая далёка выперадзіла ўсё, што ведаем мы, сучасныя людзі, — на справу пабудаваньня каўчэгу, у якім можна было-б выратавацца ад няшчасьця. Мы бачылі за працай мірыяды рабочых, тымчасам, як нядбайныя гаражане пазіралі на іх і забаўляліся такімі непатрэбнымі перасьцярогамі. Мы бачылі, як другія, відаць, спрачаліся з правадыром і казалі яму, што калі ў яго ёсьць небясьпека, то яму лягчэй выехаць у больш надзейную мясцовасьць. Ён адказаў, наколькі мы маглі зразумець, што ёсьць людзі, якія павінны быць выратаваны ў апошні момант і што з-за іх ён павінен застацца ў новым „храме бясьпечнасьці“. Пакуль-жа ён зьбіраў у ім тых, хто пашоў за ім, і ён трымаў іх там, бо сам ня ведаў дня і гадзіны. Таму, калі