нашых падарожнікаў, як і нас. Мы бадай прышлі дахаты, калі адзін з правадыроў з замяшаньнем паказаў угару. Глянуўшы туды, мы ўбачылі дзіўны малюнак. З густой цемры вады абмалявалася і шпарка пачала падаць уніз вялізная чорная фігура. Спачатку яна, здавалася, ня мела формы, але калі яна стала лепш відаць, то мы маглі разглядзець, што гэта труп вялікай рыбіны, якая лопнула так, што нутро яе цягнулася за ёю, калі яна падала. Бясспрэчна, што газы падтрымлівалі рыбу ў вышэйшых слаёх мора, пакуль іх ня вызваліў процэс гніцьця або напад акул, і тады не засталося нічога, апрача мёртвага цяжару, які цягнуў рыбу на дно.
У часе нашай пагулянкі мы ужо бачылі некалькі такіх вялізных шкілетаў, аб’едзеных рыбамі дашчэнту, але гэта істота, ня лічачы таго, што яна была выпатрашана, засталася такой, як і пры жыцьці. Нашы павадыры схапілі нас, думаючы адцягнуць з дарогі, куды падала рыбіна, але потым супакоіліся і сталі на месцы, бо ясна было, што рыбіна зваліцца збоку. Нашы шкляныя шлемы перашкодзілі нам пачуць гул, але ён, мабыць, быў страшны, калі гэтае вялізнае цела стукнулася аб дол акіяну, і мы ўбачылі, як глёбігерынавая твань паднялася ўгару, нібы гразь, калі ў яе зваліцца цяжкі камень. Гэта быў кашалёт, футаў семдзесят, і па ўсхваляваных ды вясёлых мігах падводных людзей я зразумеў, што яны добра скарыстаюць спэрмацэт і тлустасьць. Але цяпер мы пакінулі істоту і весела пашлі зноў пад портал