іх была такая гладкая ды бліскучая, як у той дзень калі іх выштурхнула з нетраў зямлі. Верхавіны іх былі вышэй ад нас на некалькі сот футаў. У нізе гэтыя вульканічныя скалы былі ўбраны густымі джунглямі высокай морскай травы, якая расла з мас кораляў, што ўтварыліся ў старажытны час зямлі. Мы хадзілі нейкі час каля гэтай густой падводнай расьліннасьці. Прычым нашы падарожнікі стукалі па ёй сваімі кіямі, выганяючы для нашай пацехі нязвычайны падбор дзіўных рыб ды ракаў, а часам лавілі сёе-тое і сабе на яду. Так са здаваленьнем мы прайшлі ўжо мілю, а мо’ яшчэ больш, калі я ўбачыў, што Мэнда раптам спыніўся ды глянуў вакол. Твар яго выражаў зьдзіўленьне і трывогу.
Гэтыя мігі падводных людзей былі самі па сабе мовай, бо спадарожнікі Мэнды адразу зразумелі прычыны яго непакою, а потым і мы з жахам сьцямілі яе: — профэсар Маракот зьнік.
Ён, бясспрэчна, быў з намі каля вугальнай капальні і дайшоў да базальтавых скал. Немагчыма, каб ён абмінуў нас, а, значыць, ён, мабыць, блукае дзесьці каля джунгляў, ззаду нас. Хоць нашыя прыяцелі і спалохаліся, Сканлан ды я, ведаючы крыху бязуважлівасьць ды эксцэнтрычнасьць нашага профэсара, былі пэўны, што няма прычын палохацца і што мы хутка знойдзем яго за разглядам якога-небудзь морскага віду, зьвярнуўшага яго ўвагу на сябе. Мы ўсе пашлі назад, і толькі прайшлі сто ярдаў, як убачылі Маракота.