Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ

Праз колькі дзён пасьля таго, як мы апынуліся на дне акіяну, нашы гаспадары, або людзі, у якіх мы былі ў колёніях, — мы часамі ня ведалі, як іх называюць, — запрасілі нас з сабою ў экспэдыцыю па дне акіяну.

З намі разам з павадыром Мэнда пашло шэсьць чалавек. Мы сышліся ў тое самае памяшканьне, куды нас спачатку ўвялі, і мы мелі цяпер магчымасьць разгледзець яго бліжэй. Гэта быў вялізны пакой, футаў па сто ў кожны бок, і яго нізкія сьцены ды столь пазелянелі ад морскіх расьлін і былі мокрыя ад вільгаці. Вакол усяго пакою было набіта шмат крукоў са знакамі, якія, на маю думку, былі нумарамі. На кожным кручку вісеў напоўпразрысты шкляны звон і пара батарэй для плячукоў, якія забясьпечвалі дыханьне. Падлога была з каменных плітак, на якіх ад часу парабіліся выбоіны. Гэта былі сьляды крокаў шмат пакаленьняў, і ў гэтых выбоінах застойвалася вада. Увесь пакой быў ярка асьветлены электрычнымі трубкамі Мура, якія віселі ўздоўж карнізу.