між нашымі гаспадарамі ды намі. Гэта быў пакой пад царквою, бяз жаднага ўбранства. У канцы яго стаяў статуй з пажоўклай ад часу сланёвай косьці; гэта была жанчына з дзідай у руцэ і з савой на плячы.
Пільнаваў гэты пакой вельмі стары чалавек, і, ня гледзячы на яго век, нам было ясна, што ён належаў да зусім іншай расы-да больш прыгожага, буйнага тыпу, чым людзі царквы. У той час, як мы з Маракотам стаялі і пазіралі на статуй з сланёвай косьці, прыпамінаючы, дзе мы бачылі нешта падобнае, стары загаварыў з намі.
— Тэа, — сказаў ён, паказваючы на статуй.
— Сапраўды, — гукнуў я, — ён гаворыць пагрэцку.
— Тэа! Атэна! — сказаў стары.
Сумненьня не магло быць. „Багіня — Атэна“. Тут нельга было памыліцца. Маракот, дзіўныя мазгі якога ведалі сёе-тое з кожнай галіны чалавечых ведаў, адразу-ж пачаў пытаць яго на клясычнай грэцкай мове. Пытаньні Маракота, відаць, былі толькі часткай зразумелы, і яму адказалі на такой старажытнай мове, што яна была бадай зусім незразумелая. Усё-ткі Маракот здабыў некаторыя весткі і знайшоў пасярэдніка, праз якога мы маглі сяк-так гаварыць з гаспадарамі.
— Гэта важны доказ праўдападобнасьці легенд, — сказаў у гэты вечар Маракот сваім высокім ды прарэзьлівым голасам і тонам чалавека, які гаворыць у вялікай аудыторыі. — Заўсёды ёсьць