Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтым зацікавіліся, і надумаліся неяк увечары скарыстаць выпадак і пайсьці туды. Мы зьбеглі з нашага пакою і пашлі ў невядомае месца ў такі час, калі вакол нас было мала людзей.

Калідор прывёў нас да высокіх дзьвярэй, нібы зробленых з масыўнага золата. Калі мы адчынілі дзьверы, то апынуліся ў вялізным пакоі. Усе сьцены былі размаляваны яркімі фарбамі і ўбраны нязвычайнымі малюнкамі ды статуямі страшных істот з вялікімі ўборамі на галаве, падобнымі да ўбораў нашых амэрыканскіх індэйцаў. У канцы гэтага вялізнага пакою сядзела адна аграмадная фігура, са скрыжаванымі, як у Буды, нагамі, але без таго лагоднага выразу, які відаць у спакойных абрысах Буды. Наадварот, гэта была істота гневу, з разяўленым ротам і сярдзітымі вачыма. Гэтыя вочы былі чырвоныя, і ўражаньне, што рабілі яны, павялічвалася двума электрычнымі агнямі, якія сьвяцілі праз іх. На каленях яе была вялікая цёмная печ, дзе было шмат попелу.

— Молах! — сказаў Маракот. — Молах або Ваал, — стары бог фінікійскае расы.

— Міласэрнае неба! — гукнуў я перад гэтымі ўспамінамі старое Картагі. — Не кажэце мне, што гэтыя добрыя людзі здольны прыносіць чалавечыя афяры.

— Паслухай, Бо, — спалохана сказаў Сканлан. — Спадзяюся, што яны гэта ўсё-ткі захоўваюць у сваёй сям’і. Мы зусім не жадаем, каб яны рабілі з намі тое самае.