булачкі, добрая рыбка і мёд. Цэлыя поўгадзіны мы былі надта занятыя, каб думаць, што мы елі або адкуль гэта ўсё дасталі нашы гаспадары. Пасьля сьнеданьня зноў зьявілася двое служак; яны вынесьлі столік і старанна зачынілі за сабой дзьверы.
— Я ужо ўвесь счарнеў і пасінеў ад таго, што ўсё шчыпаю сябе, — сказаў Сканлан. — Сон усё гэта, ці што іншае? Паслухайце, профэсар, вы прывезьлі нас сюды і, памойму, вы павінны і сказаць нам, што гэта ўсё павашаму?
Профэсар пакруціў галавою.
— І для мяне гэта нібы сон, але што за дзіўны сон! Якое апавяданьне для сьвету, калі-б толькі мы маглі перадаць яму.
— Адно зусім бясспрэчна, — сказаў я, — што ў легендзе пра Атлянтыду была праўда і што частка жыхароў Атлянтыды нейкім дзіўным чынам перажыла катастрофу.
— Ну, калі яны нават і перажылі катастрофу, — гукнуу Біль Сканлан, чухаючы сваю круглую патыліцу, — хай буду я пракляты, калі я магу зразумець, як яны маглі дастаць паветра, сьвежую ваду ды ўсё іншае. Можа гэты хлапчына з барадою, якога мы бачылі ўчора ўвечары, прыдзе нас наведаць, дык ён і раскажа нам.
— Як-жа гэта ён можа зрабіць, калі мы ды яны ня маем супольнай мовы.
— Што-ж, мы скарыстаем нашы ўласныя нагляданьні, — сказаў Маракот. — Адно я ўжо зразумеў: