зямлёю. Шкляныя вопраткі былі павешаны на нумараваных крукох на сьцяне, і ветлівыя людзі ні то падвялі, ні то падштурхнулі нас да ўнутраных дзьвярэй. Калі дзьверы зачыніліся за намі, нішто ўжо не напамінала нам а тым факце, што мы — нявольныя госьці невядомай расы на дне Атлянтычнага акіяну і што мы назаўсёды адрэзаны ад таго сьвету, дзе жылі.
Цяпер, калі так нечакана скончылася напружанасьць нашага становішча, мы ўсе адчулі сябе слабымі. Нават Біль Сканлан, які быў нібы Геркулесам, валачыў па падлозе ногі, а Маракот ды я радаваліся таму, што нас вялі правадыры. Але, ня гледзячы на ўсю змардаванасьць, у той час як мы ішлі, я заўважаў усе дробязі. Добра відаць было, што паветра ішло з нейкіх машын, якія выраблялі яго, бо яно струменямі біла з круглых дзірак у сьценах. Сьвятло было расьсеянае і, бясспрэчна, было далейшым удасканаленьнем сыстэмы Мура, якая ўжо зьвяртала на сябе ўвагу эўропэйскіх інжынэраў і не вымагала ні правадоў, ні лямп. Сьвятло гэта ішло з даўгіх цыліндраў празрыстага шкла, якія былі павешаны па карнізах калідораў. Я здолеў разглядзець усё гэта. Наша хада спынілася і нас увялі ў вялікі пакой, засланы каберцамі і добра абставляваны пазалочанымі крэсламі ды дыванамі, якія нагадвалі эгіпэцкія магільніцы. Натоўп пашоў. Застаўся толькі адзін барадаты чалавек ды два яго блізкія.