туром і кішэні таксама, але ніжэй пояса я быў вольны і хустачка да носу выпадкова была ў кішэні майтак. Я дастаў яе і абвязаў ёю дрот вышэй гіры лота і адразу-ж убачыў, як мой белы палатняны матузок паляцеў наверх у сьвет, які я, мабыць, ніколі болей ня ўбачу. Нашы новыя знаёмыя з вялікай цікавасьцю аглядзелі сямідзесяціпяці фунтовы проставес і, урэшце, узялі яго з сабою.
Мы прайшлі ўсяго сотні дзьве ярдаў сярод узгоркаў і прыпыніліся перад невялікімі дзьвярыма, з масыўнымі колёнамі з абодвух бакоў і надпісам на фрызе. Дзьверы былі адчынены, і мы прайшлі ў вялікі пусты пакой. У гэтым пакоі была рухомая сьцяна, якая кіравалася мэханізмам з сярэдзіны, і яе зачынілі за намі. У нашых шкляных шапках мы, зразумела, нічога не маглі чуць, але, пастаяўшы колькі хвілін, мы зразумелі, што тут працуе, мабыць, нейкая магутная помпа, бо ўбачылі, што ровень вады вакол нас шпарка спадае. Менш, чым праз пятнаццаць хвілін, мы стаялі на мокрай падлозе, а нашы новыя таварышы займаліся тым, што распраналі нас. І праз хвілінку мы стаялі і дыхалі чыстым паветрам у цёплым, добра асьветленым памяшканьні, тымчасам, як жыхары багны паволі зьбіраліся вакол нас, сьмяяліся, нешта гаварылі, ціскалі нам рукі ды пасяброўску гладзілі нас. Яны гаварылі на дзіўнай, груба-зычнай мове, і ніводнага іх слова мы не разумелі, але сьмех на твары і пробліскі таварыскасьці ў вачох, зразумелы нават у водных глыбінях пад