— Мы можам і не ўтапіцца, — сказаў Маракот. — Вада, ідучы зьнізу, ня можа падняцца ў сьціснутае паветра. — Дайце Сканлану гарэлкі. Трэба, каб ён устаў, хоць у апошні раз.
Я наліў мэханіку ў рот гарэлкі, ён глынуў і глянуў зьдзіўленымі вачыма. Мы паднялі яго на ногі, на дыван, і трымалі яго. Ён яшчэ быў напоўсамлелы, але я вытлумачыў яму наша становішча.
— Ёсьць магчымасьць атруціцца флёрам, калі вада дойдзе да батарэй, — сказаў Маракот. — Адчыніце ўсе трубы з паветрам. Чым большы ціск мы будзем мець, тым менш войдзе вады.
Мы з усёй сілы націснулі на падважнік і паднялі круглую плітку з падлогі нашай маленькай хаткі, хоць пры гэтым я і адчуваў сябе самазабойцам. Зялёная вада булькаючы пачала ліцца да нас. Яна хутка дайшла да ног, да кален, да пояса, і тут спынілася. Але ціску паветра нельга было вытрымаць. У галовах у нас шумела, і барабанная перапонка гатова была лопнуць. Доўга мы не маглі пражыць у такой атмосфэры. Толькі моцна трымаючыся за сеткі на версе, мы ратаваліся ад вады.
З вышыні, на якой мы былі, мы ўжо не маглі пазіраць у ілюмінатары, не маглі сабе і ўявіць, што рабілася, каб нас выратаваць. Сапраўды, думка, што нехта сапраўды можа дапамагчы нам, здавалася зусім немагчымай, і ўсё-ткі ў гэтых людзях была нейкая сіла і пэўнасьць у сабе. Асабліва гэта адчувалася ў правадыра, і гэта падавала надзею.