Гэтых жывых пурпуровых, ярка чырвоных і далікатна ружовых кветак было мноства. Там і сям са шчылін цёмных скал відаць былі вялізныя губкі і некалькі рыб сярэдніх глыбінь, якія здаваліся мігаўшымі каляровымі праменьнямі сьвету, праплылі цераз нашае асьветленае, зьзяўшае, поле. Мы, нібы зачараваныя, пазіралі на гэту казку, Тымчасам з тэлефону загаварыў усхваляваны голас:
— Ну, а як вам падабаецца на дне? Ці ўсё ў вас добра. Не сядзеце там вельмі доўга, баромэтр ападае, і гэта мне не падабаецца. Ці даволі мы даем вам паветра? Ці няма яшчэ якіх-небудзь загадаў?
— Усё добра, капітан, — весела закрычаў Маракот. — Мы не затрымаемся. Вы вельмі добра цацкаецеся з намі. Нам тут так-жа добра, як у нашых каютах. Будзьце гатовы і паволі рухайце нас наперад. Мы ў месцы, дзе жыве рыба, якая сама сьвеціць, і нас цешыла гасіць наш уласны сьвет і ў поўнай цемры пазіраць у вокны на жыцьцё акіяну. У гэтай цемры сьветаадчувальная пласьцінка, каб яна правісела і цэлую гадзіну, ня выявіла-б і сьледу ўльтрафіалетавых праменьняў. Нібы на фоне чорнай аксамітнай заслоны сям-там зьявіліся маленькія кропкі сьвету. Яны спакойна рухаліся, бы той карабель з мноствам ілюмінатараў. Адна страшэнная істота мела зубы, якія сьвяцілі. Другая мела доўгія залатыя мацалы, а яшчэ другія — агністы султан над галавою. На колькі бачыла вока, у цемры мігалі зьзяўшыя кропкі. Кожнае з гэтых