Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ЧАСТКА ДРУГАЯ

Я думаю, што адразу ня ўсе адчулі адно і тое самае. У нас ня было жаданьня ні рухацца, ні аглядацца вакол. Нам проста хацелася спакойна сядзець і паспрабаваць ахапіць усю цудоўнасьць нашага становішча — што мы стаімо на самым дне цэнтральнай часткі аднаго сярод самых вялікіх акіянаў сьвету. Але хутка нязвычайны малюнак зноў прывабіў нас да вокан.

Мы трапілі на пласт высокіх вадаростаў (Cutlerіa multіfіda, — сказаў Маракот), іх жоўтыя парасткі хісталіся вакол нас ад плыні морскіх глыбінь, якраз так, як хісталіся-б галінкі дрэў ад лёгкага ветрыку. Яны ня былі такія даўгія, каб засьціць нам вокны, хоць іх вялікае пляскатае цёмна-залатое лісьце і калыхалася часамі на фоне малюнку, які мы бачылі. За вадаростамі відаць былі прасторы нейкай чарнаватай, падобнай да жужлы, рэчы. Гэтыя прасторы красавалі прыгожымі рознакаляровымі стварэньнямі, голётурыямі, асцыдыямі, яжоўцамі ды іншымі ігласкурымі так, як красуюць увесну ўзгоркі Англіі гіацынтамі ды белымі пралескамі.