Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яе кропля ў кроплю з карабельнага запісу „Арабэлы Наульс“, які пісаў „Шкіпер“ Амос Грын. Карабель гэты ішоў у загранічны рэйс з вугалем ад Кардыфу да Буэнос-Айрэсу.

„Серада, пятага студзеня 1927 году, шырыня 28,14, даўжыня 28, зах. ціхае надвор’е, блакітнае неба з хмаркамі. Мора, як шкло. У дзьве шклянкі сярэдняй вахты старшы афіцэр паведаміў, што бачыў, як проста з мора выскачыў нейкі бліскучы прадмет і потым зноў пашоў у ваду. Першае яго ўражаньне было, што гэта якая-небудзь дзіўная рыба, але, паглядзеўшы ў бінокль, ён убачыў, што гэта была срэбная куля або мячык, і такі лёгкі, што хутчэй ляжыць, чым плыве па вадзе. Мяне паклікалі, і я ўбачыў гэтую кулю — вялікую, як мяч для футболу. Мяч ярка зьзяў і быў з правага боку ад нашага борту на поўмілі. Я спыніў машыну і накіраваў лодку пад камандай другога штурмана, які злавіў гэтую рэч і прывёз яе на карабель.

Гэта была куля, зробленая з моцнага шкла, а ў сярэдзіне яе была такая лёгкая рэч, што калі кулю кідалі ўгору, яна лётала, як мыльная бурбалка. Яна была бадай зусім празрыстая, і мы бачылі ў сярэдзіне нешта падобнае да скрутку паперы. Але шкло было такое моцнае, што яго было вельмі цяжка разьбіць і дастаць скрутак. Малаток не разьбіваў яго, і нам удалося раздушыць толькі тады, калі галоўны мэханік падлажыў кулю пад кола машыны. На жаль, я павінен сказаць, што куля