— А што гэта за мэта? — запытаў я.
Ён схіліўся наперад, і яго аскетычны твар асьвятліўся натхненьнем фанатыка.
— Наша мэта, — сказаў ён, — дно Атлянтыцкага акіяну.
Тут мне трэ’ было-б кінуць пісаць, бо я бачу, як вы зьдзіўлены, а гэта было і са мною. Калі-б я быў пісьменьнікам, то, напэўна, спыніўся б на гэтым. А дзеля таго, што я проста пішу аб здарэньні, то я магу сказаць вам, што я пабыў яшчэ гадзіну ў каюце Маракота, і што я даведаўся там шмат чаго, аб чым і пасьпею вам напісаць да таго, як пойдзе на бераг апошняя лодка.
— Так, малады чалавек, — сказаў Маракот, — вы можаце цяпер пісаць, бо калі ваш ліст дойдзе дахаты, то мы ужо нырнём у ваду.
Пры гэтых словах ён засьмяяўся. У яго быў свой асаблівы сухі сьмех.
— Так, сэр, нырнём — гэта добрае слова для такога выпадку і гэта будзе запісана ў летапісу навукі. Дазвольце сказаць вам, перш за ўсё, што я цалкам пераконаны, што пагалоска адносна надмернага ціску акіяну на вялікіх глыбінях — зусім няправільная. Зусім ясна, што існуюць другія фактары, якія неўтралізуюць гэты ціск, хоць я яшчэ не магу сказаць, што гэта за фактары. Гэта адна з тых задач, якую мы, мабыць, вырашым. Цяпер скажэце мне, калі можна запытаць, які ціск думаеце вы на глыбіні мілі пад вадою?