Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прымусіць гэтых дурняў зразумець, у чым справа, і фурман забраў яго гадзіньнік, каб быць пэўным, што ён заплаціць. Гэта прымусіла Біля Сканлана паказаць свой спрыт, і яны абодва ляжалі-б на зямлі з пашарпанымі сьпінамі, каб я не паправіў справу долярам ці двума, якія даў фурману, і пяцю долярамі для хлапца з гузаком пад вачыма. Такім чынам усё скончылася добра, і Маракот быў больш падобны да чалавека, чым калі-б то ні было да гэтага часу.

Калі мы вярнуліся на карабель, ён паклікаў мяне ў маленькую каюту, у якой жыў, і падзякаваў мне.

— Дарэчы, містэр Хэдлей, — сказаў ён, — як я ведаю, вы нежанаты?

— Не, — адказаў я, — нежанаты.

— Каму-небудзь вы дапамагаеце?

— Не.

— Добра, — сказаў ён. — Я не гаварыў пра мэту гэтае падарожы, бо з сваіх асабістых меркаваньняў хацеў, каб яго ніхто ня ведаў. Галоўнай прычынай было тое, што я баяўся, каб мяне хто не папярэдзіў. Калі навуковыя пляны робяцца шмат каму вядомы, дык хто-небудзь можа зрабіць тое, што Амундсэн — Скоту. Калі-б Скот таіў свой плян, як гэта рабіў я, дык на Паўночным канцавосьсі першым быў-бы ён, а не Амундсэн. У мяне асабіста такая самая важная мэта, як і Паўночнае канцавосьсе, і таму я маўчаў. Але цяпер мы напярэдадні нашай вялізарнай справы, і ніякі супэрнік не ўкрадзе маіх плянаў. Заўтра мы паедзем да нашай мэты.