Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

але яе правільнае дыханьне давала нам надзею, што яна хутка ачуняе ад шпаркае падарожы і перамены ціску.

Гэта, відаць, тая жанчына атлянтыдка, якая ўспамінаецца ў першай вестцы Хэдлея пад назвай Моны, і калі мы яе можам узяць за ўзор, то атлянтыды — сапраўды раса, вартая таго, каб вярнуць яе на зямлю. Жанчына — цьмяная, у яе прыгожыя, правільныя і шляхетныя абрысы твару, даўгія чорныя валасы і дзіўныя карыя вочы, якімі яна цяпер аглядае ўсё вакол з дзіўным непаразуменьнем. Чарапашынкі і парлы ўбіралі яе сьветлую туніку і заблыталіся ў яе цёмных валасох. Нельга было сабе ўявіць больш дасканалай наяды глыбінь. Гэта было само ажыцьцяўленьне таямніцы і чар мора. Мы бачылі, як прытомнасьць зноў вярнулася ў гэтыя прыгожыя вочы, потым яна, бы тая лань, схапілася, падбегла да борту карабля і гукнула:

— Сайрэс! Сайрэс!

Мы ужо супакоілі па радыётэлеграфу тых, хто яшчэ быў пад вадою. Цяпер яны пачалі зьяўляцца шпарка адзін за адным па чарзе. Паднімаліся на трыццаць або сорак футаў у паветра і потым падалі назад у мора, адкуль мы іх шпарка паднімалі на карабель. Усе трое былі няпрытомныя, а ў Сканлана з носу і вушэй цякла кроў. Але праз гадзіну ўсе ўжо маглі, калі і ня цьвёрда, але ўсё-ткі стаяць на нагах.

Мне здаецца, што першы рух кожнага з іх быў характарны.