— Была дзіўная раніца, і цёмна-пурпуровае мора было гладкае, як возера. Прыгожы сіні небасхіл не парушаўся ніводнай хмаркай. Увесь экіпаж „Марыён“ з самай раніцы нарыхтаваўся і чакаў здарэньняў з самай напружанай цікавасьцю. Па меры набліжэньня вызначанай гадзіны мы хваляваліся. На сыгнальнай мачце пасадзілі наглядальніка, і роўна за пяць хвілін да шасьці гадзін мы пачулі яго крык і ўбачылі, што ён паказвае на ваду каля левага борта. Мы ўсе сабраліся на гэтым баку палубы і я ўзьлез на лодку, з якой мне добра было відаць. Скрозь спакойную ваду я ўбачыў нешта падобнае да срабрыстага пухіра, які паднімаўся з вялікай шпаркасьцю з глыбінь акіяну. Ён прарваў паверхню мора ярдах у двухстах ад карабля і падняўся высока ў паветра. Гэта была прыгожая, бліскучая куля каля трох футаў у дыямэтры. Яна паднялася надта высока і потым паляцела ад лёгкага ветрыку, як гэта было-б з дзіцячай паветранай куляй. Гэта было дзіўна, але мы і напалохаліся, бо можна было думаць, што куля адарвалася, і груз, які яна павінна была вынесьці наверх, застаўся ў моры. Адразу-ж мы паведамілі аб гэтым па тэлеграфу.
— Ваш вястун зьявіўся каля карабля. Да яго нічога ня было прывязана і ён паляцеў.
Адначасна мы спусьцілі лодку, каб быць гатовымі да ўсялякіх падзей.
Роўна ў шэсьць гадзін наш наглядальнік падаў зноў знак, і праз мінуту я ўбачыў другую срабры-