Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абдумаў. Хай мы злучым тры або чатыры кулі разам, каб нас добра магло падняць. Разумееце? Мы тады надзенем нашы шкляныя каптуры і прывяжам сябе да куль. Калі зазвоніць званок, мы адрываемся і ляцімо ўверх. Што можа спыніць нас паміж гэтым месцам і паверхняй мора? Акула, магчыма. Ну, акула — глупства. Мы праімчаліся б міма яе і яна нават ня ведала-б, што мы тут былі. Яна падумала-б, што гэта тры пошугі сьвятла, і нас-бы так несла, што мы там, урэшце, падскокнулі-б на пяцьдзесят футаў у паветра. Кажу вам, што хто ўбачыць, як мы вылецім, зашэпча пацеры.

Але, калі дапусьціць, што гэта магчыма, што-ж будзе далей?

— Ды кіньце вы думаць пра гэта далей. Трэба паспрабаваць шчасьця, а не — дык мы тут навекі заселі. Я першы адважуся зрабіць гэта.

— Я, зразумела, вельмі хачу вярнуцца, нават толькі для таго, каб расказаць аб нашых выніках навуковым таварыствам, — сказаў Маракот. — Толькі мая асабістая прысутнасьць можа прымусіць іх зразумець новыя веды, набытыя мною. Я за тое, каб паспрабараць, як і Сканлан.

Мабыць, бліскучыя вочы Моны мелі ўплыў на мяне, але я быў з трох найменш захопленым.

— Тое, што вы прапануеце, было-б зусім вар’яцтвам. Калі нас ніхто ня будзе чакаць на паверхні, то мы, бясспрэчна, будзем кружыцца па хвалях і загінем ад голаду ды смагі.