Я і цяпер ведаю Маракота ня лепей, чым ведаў яго тады, у гэтым маленькім пакоі, што выходзіць на Оксфорд Хай. Ён нічога не гаворыць і яго сухі, суровы твар, — твар Саванаролі ці, мо’ больш праўдзівей, Торквэмады, ніколі ня бывае вясёлы. Даўгі, тонкі, агідны нос, двое маленькіх бліскучых шэрых вочак, якія блізка сядзяць пад брывамі, рот з тоненькімі сьціснутымі губамі, шчочкі, што апалі ад заўсёдных думак ды аскетычнага жыцьця, — усё гэта так няветліва. Ён жыве на вяршыні нейкай гары Розуму, да якой не далезьці простым людзям. Часамі я думаю, што ён крыху вар’ят. Напрыклад, гэты дзіўны апарат, які ён пабудаваў… але я буду пісаць усё па парадку, і вы мяркуйце самі.
Я пачну пісаць пра нашу падарож з самага пачатку.
„Стратфорд“ — добры, прызначаны для морскага плаваньня, маленькі карабель, спэцыяльна дапасаваны да свае задачы. Ён вадазьмерам — тысячу дзьвесьце тон, у яго вялікая шырокая палуба, і ён мае розныя прылады для вымеру глыбінь, для драгаваньня і для ўмацаваньня сетак па бартох карабля і для таго, каб лавіць рыбу невадам. У яго зразумела, ёсьць моцныя паравыя прылады, каб паднімаць невады, і мноства іншых машын, з якіх адны мы добра ведаем, другіх — зусім ня ведаем. Ніжэй зроблена надта выгоднае памяшканьне з багатай бібліотэчкай для нашых спэцыяльных заняткаў.