Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аднойчы мне таксама пашчасьціла ўбачыць сапраўдную морскую зьмяю — істота, якая рэдка паказваецца чалавеку, бо жыве яна на самых вялікіх глыбінях і зьяўляецца на паверхні толькі, калі яе выжане з яе прытулку якая-небудзь падводная катастрофа. Дзьве морскія зьмеі мільганулі каля нас неяк, калі мы з Монай хадзілі сярод пучкоў лямэлярый. Істоты гэтыя былі вялізныя — футаў дзесяць увышкі і дзьвесьці ўдоўжкі, чорныя зьверху, срабрыста-белыя зьнізу, з высокай махрой на сьпіне і маленькімі вачыма. Вочы ня большыя, як у быка. Апісаньне гэтых і шмат якіх другіх падобных істот будзе знойдзена ў паперах профэсара Маракота, калі яны калі-небудзь трапяць у вашыя рукі.

* * *

Тыдзень бег за тыднем у нашым новым жыцьці. Жыцьцё гэта зрабілася вельмі прыемным, і мы пакрысе настолькі выўчылі старажытную, усімі забытую мову, каб мець магчымасьць хоць як-небудзь размаўляць з нашымі таварышамі. У гэтых людзей было даволі ўсяго і для вывучэньня, і для забавы, і Маракот ужо так апанаваў старажытнай хэміяй, што пераконвае, нібы можа зрабіць рэволюцыю ва ўсіх земных прадстаўленьнях, калі толькі яму ўдасца перадаць свае веды. Між іншым, атлянтыды ўмелі раскладаць атом, і хоць вызваленая энэргія меншая, чым думаюць нашы вучаныя, але яе ўсё-ткі даволі, каб забясьпячаць атлянтыдаў вялікім запасам