Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Што-ж да дзіўнай рыбы, то профэсар Маракот запэўняў нас, што гэта быў узор рыбы-пакрыўкі, добра ўжо вядомы, але такога памеру, якога ён сам і ўявіць ня мог.

Кажу пра гэту істоту таму, што яна выпадкова ўнесла ў наша жыцьцё трагедыю, але я мог-бы напісаць, а мо’ і сапраўды напішу, цэлую кнігу пра дзіўнае жыцьцё, якое бачыў тут. У жыцьці морскіх глыбінь пераважаюць чырвоныя і чорныя фарбы, расьліннасьць-жа самага белага колеру, і валокны гэтых расьлін такія моцныя, што іх рэдка паднімалі наверх невадамі, так што навука прышла да выніку, што дно акіяну голае. Шмат якія з морскіх відаў неапісоўнай прыгожасьці, другія-ж такія страшныя, што падобны на здані, і такія небясьпечныя, што ў гэтым стасунку з імі ня можа сьпірацца ніякая земнаводная жывёліна. Я бачыў чорную рыбу футаў трыццаць удоўжкі з жахлівым джалам на хвасьце, адзін удар якога забіў-бы кожную жывёлу. Я бачыў яшчэ жывёлу, падобную да жабы, з пукатымі зялёнымі вачыма, якія проста ёсьць разьзяўленае горла з вялізным кіндзюком. Спатканьне з гэтай жывёлай — сьмерць, калі толькі няма пры сабе электрычнага ліхтара, якім адганяеш яе. Я бачыў сьляпога чырвонага вугра. Ён ляжыць сярод скал і забівае атрутай, якую выпускае з сябе. Я таксама бачыў вялізарнага морскага скорпіёна, аднаго з страшыдлаў глыбінь, і рыбу міксіну, якая жыве ў морскіх джунглях.