Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і іншых краёў, залюдненых праваслаўнымі, сюды ў перадваенныя часы наяжджала шмат богамольцаў, якія тут куплялі розныя крыжыкі, абразкі і да таго падобныя рэчы, пакідаючы ўзамену значныя даходы мясцовым чарняцом.

Усе часткі Грэцкае краіны адзначаюцца цёплым падзваротнікавым кліматам. Неба тут вечна яснае, бязвоблачнае; улетку дажджу блізка-што зусім ня бывае; зіма дажджыстая, але дажджы выліваюцца раптам, улевамі, пасьля якіх цераз гадзіну хмары зьнікаюць і неба зноў робіцца чыстым.

Прыблізна ў самым асяродку краіны ў Атэнах сярэдняя тэмпэратура году +17,9°, сярэдняя ліпеня +27,7°, студзеня +8,5°. Ападкаў там выліваецца каля 406 мілімэтраў. На захадзе, напрыклад, на востраве Корфу (адзін з Іонійскіх) ападкаў значна болей (каля 1580 мілім.).

Дзякуючы такому клімату ўсюды, дзе ёсьць глеба на скалах і вада, добра ўзрастаюць вечназялёныя дрэвы й хмызьнякі. Асабліва прыгожа выглядаюць гэтыя расьліны ўзімку, у пару дажджоў, і ўвясну, у час красаваньня. Стромкія чорныя купрэсы, прыгожыя міжземныя хвоі, харошыя буйныя кветкі магнолій і олеандраў робяць вельмі прыемнае ўражаньне. Наадварот, улетку сухі вапнавы пыл апранае лісьце вечназялёных дрэў, а веснавая трава гіне пад гарачымі праменямі сонца. Схілы крышталічных ланцугоў пакрыты лясамі, а па вапнавых скалах, як у Дынарскіх горах, пераважвае ўбогая расьліннасьць, так што некаторыя мяс аюць выгляд голай сухой пустыні.

Блізкасьць Грэцыі да здаўна культурных абшараў Заходняй Азіі і Эгіпту, выгодная будова яе берагоў і лёгкасьць зносін з Азіяй зрабілі Грэцкую краіну культурнай пасярэдніцай паміж Эўропай і Ўсходам. Здольныя й рухавыя даўныя грэкі першыя з эўропэйцаў запазычылі высокую культуру Ўсходу, перапрацавалі яе на свой лад і пачалі распаўсюджваць па нашай частцы сьвету. Мастацтва, пісьменства й навука красавалі ў даўнай Грэцыі ўжо ў тыя часы, калі рэшта Эўропы, і ў тым ліку нават Італія, была дзікім краем барбарскіх народаў. Большасьць сучасных навук - прыродазнаўчых, матэматычных і грамадзянскіх - нарадзіліся ў даўнай Грэцыі. Даўна-грэцкае ляпеньне і будаўніцтва лічацца найлепшым узорам яшчэ й для сучасных мастакоў. Поэты ўсіх эўропэйскіх народаў вучыліся ад даўна-грэцкіх пісьменьнікаў, часамі запазычалі ад іх форму і зьмест сваіх твораў. Пад грэцкім уплывам утварылася латыньская культура; ува ўсе эўропэйскія мовы ўвайшло шмат даўна-грэцкіх слоў. Калі чужынцам шанцавала заўладаць Грэцыяй, яны хутка падпадалі пад культурны ўплыў грэкаў і самі рабіліся грэкамі. Так было, напрыклад, з македонцамі, калі яны захапілі Грэцкую краіну. Нават пад уладай латыньцаў у грэцкіх землях, як і раней, панавала грэцкая культура. У час заняпаду Рымскай дзяржавы Грэцыя зрабілася незалежнай пад імем Бізантыйскай або Ўсходня-Рымскай імпэрыі, якая існава-