- Пярэдняй прыстаньню Штэтыну зьяўляецца Свінэмюнде, мястэчка на беразе адкрытага Балтыцкага мора.
Другая важная прыстань Балтыцкага мора Любэк (113000 нас.) лякыць у паўднёва-заходнім кутку Балтыцкага ўзьбярэжжа. Як Гамбург і Браман, Любэк быў у сярэднія вякі адным з гарадоў Ганзэйскага хаўрусу і да гэтага часу таксама застаўся вольным местам, якое ўваходзіць у склад Нямецкай фэдэрацыі. Бойкі гандаль гэтага гораду з Літвой, Латвіяй і Расіяй зьменшыўся ў апошнія часы, пасьля таго, як пракапалі кільскі канал з Балтыцкага мора ў Нямецкае праз шыю паўвострава Ютляндыі.
Затое борзда пачаў пашырацца гандаль прыстані Кіль (205000 н.). якая ляжыць ля выйсьця гэтага каналу ў Балтыцкае мора. Гэта асяродак гандлю з Даніяй і Скандынавіяй, вядомы з даўных часоў, як рыбацкая прыстань, каля якой ловяць селядцы і попроты. Аднак галоўнае значэньне Кілю грунтуецца на палажэньні каля Кільскага каналу, па якім немцы могуць лёгка перакідваць свае караблі з Нямецкага мора ў Балтыцкае. Гэта галоўная вайсковая прыстань Нямеччыны, якая адыграла важную ролю ў час сусьветнай вайны. Будаваньне караблёў тут мае яшчэ большую вагу, як у Штэтыне.
Сярэдняя Нямеччына складаецца з магутных горставых гор, якія аддзяляюць Паўночна-Гэрманскую нізіну ад гор і катлін Паўднёвай Нямеччыны. Сярэдня-Нямецкія горы звычайна маюць адхонныя схілы і плоскія або акругленыя вярхі, але ў далінах рэк, якія прабіваюцца праз Сярэдня-Нямецкі горны парог, сьценкі гэтых далін часамі бываюць зрывістымі, як, напрыклад, у даліне Лабы, у так званай Саксонскай Швайцарыі. На зрывістых сьценах такіх далін агаляюцца рознакалёрныя пласты земных парод; з схілаў суседніх гор, голых або пакрытых лесам, спадаюць прыгожыя струмені, уліваючы сваю ваду ў павольную галоўную раку, што бяжыць па даліне. У іншых месцах, асабліва па вадападзелах, краявід адзначаецца аднатоннасьцю (напрыклад, плоскаўзвышша Заўэрлянд у паўночна-ўсходняй частцы Рэнскіх Лупняковых гор).
Наагул краявід краіны, як і паверхня, досыць рознастайны, горы чаргуюцца з плоскаўзвышшамі і катлінамі, грунты месцам урадлівыя, лёзсавыя, на значных узвышшах ледавіковыя, месцам камяністыя. На захадзе горы Сярэдняй Нямеччыны займаюць шырокую прастору ў 2-30 шырыні, на ўсход звужваюцца, уразаючыся між Паўднёва-Усходняй Нямеччынай Чэскім спрадвечным масывам. На захадзе горы складаюцца з пластовых земных парод-лупнякоў і пескавікоў (Рэнскія Лупняковыя горы), вапнякоў, маргляў і гэтак далей. Часамі сярод лупнякоў і пескавікоў там сустракаюцца значныя прасторы, складзеныя з астыглай лявы, багатыя згаслымі, але яшчэ правільнымі стожкавымі вульканамі. У жэралах гэтых вульканаў, напрыклад, у Рэнскіх Лупняковых горах, захаваліся цікавыя вульканічныя вазёры (маары).
(Паводле карты вывучы назовы галоўных гор Сярэдняй Нямеччыны. Якія рэкі там працякаюць? Адкуль і куды бягуць гэтыя рэкі?).