Старонка:Географія Беларусі.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


§ 2. КАРТА БЕЛАРУСЬ

Калі мы захочам знайсьці і азначыць Беларусь на агульнай карце Эўропы, дык мусім ведаць, што Беларускі Народ шчыльнаю масаю засяляе вялікі прастор зямлі ў самай геомэтрычнай сярэдзіне Эўропы, на вялікай Эўрапейскай раўніне, паміж Балтыцкім і Чорным Морамі, там, дзе цякуць верхнія Дняпро, Нёман, Дьзвіна, ды іх важнейшыя прытокі, паміж 51° і 57° паўночнае шырыні і 40° ды 52° ўсходняе даўжыні ад Фэрро. На захад ад Беларусі жывуць народы — латыскі, літоўскі, нямецкі і польскі; на паўдня жывуць украінцы, а на ўсход ды на поўнач ад Беларусі — маскоўцы, або велікаросы.

Кінем цяпер вокам на карту Беларусі і пастараемся заўважыць хоць некалькі важнейшых яе лініяў. Гэта дасьць нам нейкае паняцьце аб Беларусі, як аб суцэльнасьці, і дазволіць перайсьці да сьведамага разгляду яе частак, ды паасобных зьявішчаў яё прыроды і жыцьця (гл. карту 1).

Пасярэдзіне Беларусі мы можам лёгка разгледзіць фігуру Дняпра, які разам з сваімі прытокамі выглядае на нейкае скрыўленае дрэва. Недалёка ад геомэтрычнага цэнтру Беларусі, каля месца Воршы, Дняпро заламуецца пад простым кутом (як кажуць, робіць калена); дагэтуль ён цёк на захад, цяпер-жа пачынае цякці на паўдня.

Пачатак Дняпра мы знойдзем аж на самай усходняй мяжы Беларусі: далей на ўсход ужо Маскоўшчына. Адгэтуль цячэ ён праз стары Смаленск і далей на захад аж да самае Воршы.

Спусьцімся па Дняпры ўніз ад Воршы. Пабачымо тады прыгожы Магілёў, які раскінуўся на высокіх берагох Дняпра, вусьце Бярэзіны, Сожа, Прыпяці — вялікіх прытокаў Дняпровых. Вусьці Прыпяці таксама ляжыць ужо на мяжы Беларусі, але паўднёвай. Зьліўшыся з Прыпяцяю, Дняпро цячэ ў прасторы Украіны, і яго левы прыток, Дзясна, хоць і пачынаецца ў Беларусі і цячэць у значнай частцы па усходняй яе мяжы, але ўпадае ў Дняпро ўжо на Ўкраіне. Заўважым фігуры пералічаных прытокаў Дняпра і тыя большыя гарады, што над імі, ці па суседзтву з імі знаходзяцца Гомель на Сожы, Менск на захад ад Бярэзіны, Пінск ля Прыпяці, ды Бранск над Дзясною. Дняпро разам з сваімі вялікімі прытокамі абыймае палавіну Беларусі — паўднёва-ўсходнюю. На захад ад яго ляжаць вытокі вялікіх рэкаў, што цякуць у Балтыцкае мора.

На паўдня ад Менску пачынаецца прыгожы сьветлы Нёман. Выкручуючыся, як вуж, між лясоў і гораў заходняе Беларусі, плыве ён, наагул кажучы, на захад аж да самае Горадні; абняўшы яе з двох бакоў, павяртаецца ён на поўнач і адыходзіць ад нас у Літоўскую зямлю, каб праз яе трапіць у мора. Пад Коўняю спатыкаецца ён з прыгожаю Вяльлёю. А тая, пачаўшыся на поўнач ад Менску, гэтак сама, як і Нёман, выкручуецца між лясістых узгоркаў, прыхарошуе сабою Вільню і яе цудоўныя ваколіцы, ды таксама кіруецца ў Літоўскую зямлю, каб сустрэцца там з Нёмнам.

Менск, як мы бачым, ляжыць у сэрцы Беларусі. З яго ваколіцаў па вялікім жылам-рэкам разносяцца воды ўва ўсё бакі Беларусі, ў ім крыжуюцца і экономічныя і культурныя шляхі Беларусі; за тое і стаўся ён сталіцаю Беларусі.

Паўночную Беларусь праразае Дзьвіна. Пачынаецца Дзьвіна на паўночнай мяжы Беларусі, і цячэ уперад пад Віцебск (вялікае і старое места,