Старонка:Географія Беларусі.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Агульны агляд Беларусі.

УСТУП.

§1. ГЕОГРАФІЯ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ.

Навука географіі апісуе ўсю зямлю і краіны, на якія яна дзеліцца, іхні выгляд, прыроду, насяленьне і іншыя, спатыканыя на паверхні зямлі, зьявішчы; пры гэтым яна стараецца вытлумачыць кожнае зьявішча яго сувязьзю з іншымі, ды такім чынам разгадаць тыя законы, якія кіруюць разьмяшчэньнем гэтых усіх з’явішчаў па паверхні зямное кулі. Як і кожная з навукаў, яна роўна цікавіцца і вёскамі роднае для таго ці іншага географа старонкі, і далёкімі акеанічнымі астравамі.

Чалавек, аднак, пазнае далёкае і незнаёмае, раўнуючы яго да блізкага і знаёмага. Затым-жа навет той, хто цікавіцца толькі геаграфіяю чужых краёў, павінен уперад добра ведаць географію найбліжэйшае мяйсцовасьці; павінен ведаць, далей, географію свае роднае стараны, дзе ён радзіўся, вырас, працуе, дзе ляжаць косьці яго дзядоў, дзе жыць і працаваць будуць дзеці і ўнукі яго самога, жыве той народ, з якога ён паходзіць, адным словам — географію Бацькаўшчыны. Знаючы географію свае Бацькаўшчыны, ён ужо шмат лягчэй зразумее географічныя зьявішчы якогахацякраю.

Але з паняцьцем Бацькаўшчыны ў нас зьвязуецца яшчэ і нейкае цёплае, а іншы раз і вельмі гарачае пачуцьцё да нашае роднае страны. Кожын чалавек любіць сваю Бацькаўшчыну, незалежна ад велічу і хараства яе прыроды, ад яе багацьця і славы, ад таго дабрабыту, якім яна дарыць сваіх сыноў. Брадзячы жыхар паўночнае тундры любіць сваю суровую Бацькаўшчыну ня менш, чым жыхар яскравага, поўнага жыцьця і фарбаў, багатага паўдня. А гэткае замілавзньне (абдрукоўка) змушае нас цікавіцца родною стараною, яе рэкамі, гарамі, лясамі, местамі, як цікавяцца кожным прадметам, якога любяць.

Урэшце, гатуючыся да практычнага жыцьця, мы, ў большасці, зьбіраемся правесьці яго ў родным краі, ахвяруючы Бацькаўшчыне свае сілы. Адны з нас будуць працаваць на зямлі, другія — на фабрыцы, трэція — ў школах дый у навуцы; але кожын будзе грамадзянінам свайго краю і сынам свайго народу. Знаць прыроду краю ды іншыя яго асаблівасьці кожнаму абавязкова патрэбна хаця-бы дзеля чыста практычных меркаваньняў.

З гэтага мы бачым, як чалавеку патрэбна навука географіі Бацькаўшчыны. Кожын ведае, што для нас, беларусаў, Бацькаўшчынай ёсьць Беларусь, край, дзе мы самі жывем, дзе жыве Народ Беларускі, да якога мы належым. Географія Бацькаўшчыны для нас гэта — географія Беларусі.