Перайсці да зместу

Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нарамнае палатно нацыянальнае гісторыі - нашага сацыяльнага радаводу, нашых палітычна-дзяржаўных, рэлігійных, культурных традыцыяў. Гэта [...] яшчэ адзін самабытны набытак айчынае гістарычнае думкі - мабыць, той самы "беларускі эквівалент" (выраз Г. Сагановіча), які сучасныя навукоўцы, літаратары намагаюцца выдабыць з-пад друзу спрашчэнняў, [...] каб вярнуць адэкватныя веды разам з пачуццём нацыянальнае самапавагі"[1].

Вацлава Ластоўскага арыштавалі 21 ліпеня 1930 года на рацэ Обі, дзе ў далёкай Сібіры гісторык-этнограф даследаваў побыт землякоў. Праз доўгія і пакутныя 10 месяцаў зняволення, допытаў, голаду, бяссоння, маральных здзекаў у турмах Масквы і Менска яго туды і вярнулі. На 5-гадовую высылку. У той "пугающий простор", што ляжыць за Масквой і які ў нашым народзе адвеку атаясамліваецца з адным дранцвеючым на языку словам-кленічам - "Сібір". Без падзелу на Прыўралле ці Заўралле. Паволжа, казахскія стэпы, маўклівую тундру, тайшэцкую тайгу. Без адрознення Далёкага Усходу ад Чукоткі. Магадана ад Калымы. І нават Салавецкіх астравоў ад астравоў Шпіцбергена. Гэтаксама, як на захад ад нас жыхары Еўропы назвалі 1/6 частку планеты адным ёмкім, тубыльскім, не чужаземна прыдуманым словам - "ГУЛАГ".

Думаеце, пакінулі ў спакоі, адчапіліся? Акупанты не супыніліся, пакуль, урэшце, 23 студзеня 1938 года, не расстралялі ў далёкім Саратаве. У месце, дзе нарадзіўся і пахаваны Мікалай Чарнышэўскі (адзін з тых, што клікаў "Русь к топору").

Магіла Ластоўскага невядомая. Хіба, з думай пра расстраляны лёс Неадменнага Сакратара Адраджэння і пра тысячы абарваных лёсаў яго паплечнікаў напісаны Караткевічам, як палын, як чэмер горкія радкі:

...Загінеш - і ведаць не будзе
На ўзмежку тваім лебяда...

  1. Каўка А. Першая беларуская гістарычная энцыклапедыя//Спадчына. 1996. № 4. С. 4.