Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МАРШАЛКОЎСКІЯ АРТЫКУЛЫ*

Пільнаваньне бясьпечнасьці мейсца, дзе прабывае маестатная асоба, было адно з галоўных заданьнеў вялікіх маршалкоў Вялікага Княжства Літоўска-Беларускага. Канстытуцыя сэйму 1678 году падае права, званае артыкуламі маршалкоўскімі. Артыкулы маршалкоўскія складаюцца з 20 параграфаў. На час побыту Вялікага князя і караля ўся паліцэйская ўласьць у даным мейсцы пераходзіць у рукі маршалка. Экзэмпляр артыкулоў маршалкоўскіх па-беларуску быў у Несьвіжы. У першым параграфе была мова аб сварках, бойках, крыках і вулічных закалотах. У 2-м — аб забароне насіць зброю ў мейсцы прабываньня каранаванай асобы. У 3-м — аб папісаньню (заяўцы) чужаземцаў, асабліва ў часе сойму. У 4-м — устанаўляліся кары за зброю, бойкі, напады. Артыкул 5-ты наказываў бясьпечнасьць ад агня і ўстанаўляў спосабы ратаваньня; 6-ты пазваляў музыку толькі ў дамох і пры ўездах сэнатароў і забараняў музыку публічную; 7-мы залецаў «прыстойную ўчьцівасьць» да чужыземных паслоў і іх службы; 8-мы — аб вылаўліваньні неспакойных людзей; 9-ты — аб караньні неспакойнай чэлядзі, паноў; 10-ты — аб бясьпечнасьці і апецы для жыдоў, туркоў, татароў; 11-ты — аб гасподах для паноў-сэнатароў; 12-ты — аб выганяньні* злодзеяў, ашуканцоў, ігракоў; 13-ты — проці падніманьня цэн на тавары; 14-ты — аб апецы купцом і крамнікам; 16-ты — аб мерах і вагах; 17-ты — павінасьці пастрыгачоў і галяроў; 19-ты гаварыў аб карах за зьнявагу маршалкоўскага суда; 20-ты аб карах на распусных кабет.

МЕШЧАНЕ

Пануючая шляхта, лічучы выключна сябе прызванай да дзержаўнага кіраўніцтва, з пагардай адносілася да мешчанства і асабліва да селянства, як да ніжэйшых станоў.