Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вітэбску па стараму». Або тое ж пацьверджаецца ў другой грамаце, пісанай каля таго ж часу, і «ад баяр полацкіх і ад месьцічоў і ад усяго паспольства к нашым мілым суседзям і прыяцелям пасаднікам рыжскім і ратманам, што пішэце к нам, жалуючыся на нас, што вашых купцоў ня пусьцілі мы да Вітэбска і да Смаленска; а ведзе жа панове ведаеце мы і вы, што междзь вас і нас есьть старыя запісі, што нашым міма Рыгі пуць чыст зямлёю і вадою, а вашым міма Полацка пуць чыст вадою і зямлёю, хто куды хочэць».

МАНАСТЫРЫ

Значэньне манастыроў у Беларусі было рэлігійнае і асьветнае. Блізка ўсе беларускія манастыры прыймалі ўстаў Сьв[ятога] Васілія Вялікага, па якому на абавязках манахоў ускладалося ўтрымліваць школы і адуковываць моладзеж. У старой Беларусі на манастыры глядзелі як [на] расаднікі культуры і граматнасьці. Па свайму ўстройству праваслаўныя манастыры ў Беларусі падзеляліся на манастыры грамадзянскія, г.зн., пабудаваныя цэлым станам у данай мейсцовасьці і на манастыры, пабудаваныя князямі або прыватнымі асобамі ў іх маетнасьцях і ўрэшце на манастыры, пабудаваныя беднымі богабойнымі інакамі ў пустынях і глухіх лесах, нікому не прыналежалых. Па грамадзянскаму палажэньню манастыры дзяліліся на ўпрывілеяныя, або знаходзячыяся пад чыім-небудзь патронатам і на неўпрывілеяныя, саўсім залежныя ад мейсцовага біскупа нараўне з парахіяльнымі цэрквамі.

Манастыры, пабудаваныя прыватнымі асобамі ў іх маетнасьцях або князямі ў іх удзелах, зазвычай належалі да прывілейных і знаходзіліся пад патронатам сваіх фундатараў і іх патомкаў. Яны з эконамічнай стараны былі саўсім незалежны ад біскупа, дый з царкоўнай стараны іх залежнасьць была самая незначная; яны не плацілі падаткоў і не падлегалі яго суду; да іх ня мелі права ўезджаць ні намесьнікі ні дзесятнікі біскупскія. Гэтак у акладнай, каторая ў 1399 гаду была дадзена полацкім князям Ануф[р]эем Полацка-