Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рады гаспадарскай. Усяго ў В.К.Л. было 22 канцлероў, з іх найвыдатнейшыя Леў князь Сапега, аўтар трэцяга статуту Літоўскага, Міхайла Радзівіліч, Станіслаў Шчука. Апошнім канцлерам быў Яхім Літавар Хрэптовіч — Канцэлярскі ўрад быў дажывотны. За Хрэптовіча, у канцы XVIII сталецьця, дзержаўная канцэлярыя В.К.Л. складалася з 16 асоб: 2 печатары, 2 сэкрэтары, 2 рэфэрэндары, 4 пісары, 2 рэгэнты, 2 печатныя сэкрэтары, 2 мэтрыканты. Акром гэтага чалавек 10 падпіскаў.

КАНЮШЫ

Спраўца стаень і стад у княжыя часы. Пры дварэ В[ялікіх] Князёў Беларуска-Літоўскіх канюшы быў адзін з важнейшых урадаў. Канюшыя былі земскія і дворныя. Канюшы земскі лічыўся вышэй дворнага. Акром таго, былі ешчэ канюшыя ў некаторых правінцыях; здаецца, што ўсе канюшыя лічыліся сябрамі рады гаспадарскай. Аб абавязках і прывілеях канюшых у дакумэнтах захавалася мала данных. У грамаце 1569 г. (Акты Зап. России. Т. II, № 54) спамінаецца аб даходах канюшага ў назначанай яму кругаколіцы: «каторы слуга, або чалавек княжы ці панскі або земянін заб’ець каго, то каб старасты і намесьнікі нашы, і маршалак земскі, і ключнік, і канюшы на іх галоўшчыны біралі».

КАШТЭЛЯН

Урад каштэляна даволі позны набытак у В[ялякім] Кн[ястве] Беларуска-Літоўскім; перасаджэн ён з Польшчы, дзе замкі з лацінскай называліся «кастэльлюм», а іх начальнікі «кастэлелянус». Як у нас у найдаўнейшыя часы называлі падобнага ўрадоўца даводных данных німа, праўдападобна звалі іх валадарамі і гараднічымі. Паводле крыніц першы раз каштэляны ўпамінаюцца ў першым статуце 1529 году: у 3-ім разьдзеле, у 4-ым артыкуле гэтага