Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

слова «тапіць» атрымалося назова цёплага памешчэньня «істба», «істоба», «істопка». Таксама як ад слова «клеціць» — будаваць, атрымалося слова «клець». З разьвіцьцём культуры і заможнасьці сталі будаваць большыя дамы, не ў адну «ізбоіну», «клетку» ці «істопку», а ў некалькі. Паявіліся і новыя назовы: «сьветліца», «бакоўка», а далей пайшлі назовы паводле назначэньня — пекарня, або варыўня, — дзе пяклі і варылі, чэлядная — дзе жыла чэлядзь, спальня — дзе спалі, страўня, або сталовая, — дзе сталаваліся — елі страву, гасьцінная — дзе прыймалі гасьцей. У замках былі і істобы — князеўскія соймовыя, сэнаторская, пасольская, судовая; пісарня; прымніца, або паслухальня, дзе прыймалі інтэрэсантаў; бавяльная, дзе адбываліся забавы.

У XVI ст. правадаўчая ўстанова Рада Вялікага Князства Літоўска-Беларускага распалася на дзьве палавіны: істобу сэнатарскую і істобу пасольскую. У першай засядалі князі, воеводы, гараднічыя, міністры і біскупы, у другой, выбраныя шляхтай, земскія паслы.

КАДУК

Маетнасьць без уласьніка і насьледнікаў называлася спусьцізнай, а пасьля пераходу да караля кадуком. У 1588 г. пастаноўлена, што калі не было пасьля памершага бліжэйшых крывічоў як у 8 пакаленьні, то пасьля году і 6 тыднеў спадак пераходзіў на караля. Крывічы, аднак, маглі і пазьней паісківаць яго. Спадак па бязьдзетных чужаземцах заўсёды пераходзіў на караля. Гэта матывавалася тым, што набытая маетнасьць не павінна была вывозіцца з краю. Каб абмежыць імпэт пануючых да такіх спадкаў, было забаронено соймам далучаць іх да каралеўскіх маетнасьцей і прызначэна раздаваць іх рыцарскаму стану за заслугі перад дзержавай. У 1778 г. пастаноўлена, што спусьцізны, 50 гадоў не даходжэныя, пазьней даходжэнымі быць ня могуць.

Кадуком даўней называлі такжа падучую хваробу: згэтуль пайшла лаянка «каб це кадук».