Перайсці да зместу

Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГЭТМАН (II)

Слова гэта запазычана ад немцаў. Па-нямецку галоўны даводца зваўся «гаўптман», — з гэтага чэхі зрабілі «гэтман», украінцы «атаман», а мы запазычылі ад палякоў «гэтман». Старая беларуская назова «воевода», той што воеў водзіць. Кажды з нашых старадаўніх князёў сам быў воеводам, бо сам заўсёды даводзіў войскам. Калі беларускія князьствы аб’едналіся з Літвой, то вялікія князі сталі садзіць сваіх воеводаў па князьствах. Такім парадкам воеводаў намножылася, дык галоўнага кіраўніка вайскамі ўсёй дзяржавы сталі называць гэтманам. Першы Вялікі гэтман устаноўлены Зыгмунтам I у 1512 гаду. Дзеля частых воен аказалася патрэба ўстанавіць другі вайсковы ўрад гэтмана польнага. Вялікі гэтман быў вайсковым міністрам, польны гэтман — галоўнакамандуючым.

ГЭТМАНСКІЯ АРТЫКУЛЫ*

Гэтманы Вялікага Князства Літоўска-Беларускага ўстанаўлялі і апавешчалі артыкулы (параграфы) права для войска, якія насілі назову «Артыкулаў гэтманскіх». Гэткія паасобныя артыкулы, выдаваныя рознымі гэтманамі, былі за Зыгмунтам III […] сабраны, упарадкаваны і дапоўнены, а ў 1609 гаду пацьвержэны сэймам. Кніга складаецца з двох часьцей. Першая часьць у 33 артыкулах выкладае павіннасьці войска ў часе палявой службы, — другая ў 37 артыкулах абгаварывае абозны парадак паходу і бітву. Экзэмпляр такога беларускага вайсковага статуту пераховываецца ў Петраградзкай публічнай Бібліотэцы. Кніга носіць загаловак «Аб падгатаўленьні рэчаў к вайне патрэбных». Пісана скорапісьсю на 90 лістах.

«Военный Журналъ» № 4, 1853 году, апісываючы гэты рукапіс, нарэкае, што ў гэтым беларускім вайсковым статуце гаспадарская і адміністратыўная часткі зьмешаны з часьцю тактычнай.