Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трымаць павінны парадак, то дзеля гэтага братчыкі падалі каралю статут брацтва ў ніжэйпісаных пунктах, які кароль і зацьвердзіў: 1) на каторы год старшыя і малодшыя браты таго брацтва, каго з паміж сабе выбіраюць у старасты, павінны ім перадаць брацкія грошы і ўсю маёмасьць і ўсе справы брацтва, і атрымаць ім іх у кіраваньне з брацкай згоды і назначыць ім ключнікаў для брацкай паслугі. 2) Гадавыя старасты павінны ўважна даглядаць брацкага дабра, каб не было ў чым упаду, а хутчэй, каб у усім быў спор і памнажэньне; а пасьля скончэньня году сваей службы старасты павінны ўсю маёмасьць і даходы брацтва, зьлічыўшы перад старшымі і малодшымі братчыкамі, перадаць ім. 3) Гадавыя старасты пры брацкіх бяседах, як самі так і праз ключнікаў, павінны ўважна глядзець, каб брацьця, упісаныя ў іншыя брацтвы, а так жа і госьці прыходжыя сядзелі ў брацкім доме прыстойна, размаўлялі дарэчна, на стол не аблагалі і брацкага мёду не разьлівалі, пілі бы ў меру і ніякіх шкод бы не рабілі. А хто бы стаў вясьці сябе непрыстойна і ўчыніў бы якія страты, то старасты павінны такога навучыць славамі, а калі б слоў не паслухаў, то на такога, як на ўпорнага, налажыць віну, якую браты ўстановяць. 4) Хто бы ў брацкім доме ўчыніў якую-небудзь сварку і каго-небудзь укрыўдзіў, то пакрыўджаны павінен безадкладна сказаць сваю крыўду старастам, а старасты, выслухаўшы жалабу, павінны адлажыць на заўтрашні дзень; а пасьля браты гэтага брацтва, зыйшоўшыся ў брацкі дом на другі дзень, па судоваму паміж сабой абычаю, павінны разгледзіць справу; правага перад судом аправіць, а віннага караць брацкай віной. І аб гэткіх справах ніхто не павінен зьвертацца да другіх судоў, як да сьвецкіх так і духоўных, ні да земскага, ні да местовага, ні па грэцкай ні па рымскай веры і ў ніякім здарэньні ад брацкага суда не адмаўляцца, а кожды павінен шукаць права перад старастамі і перад брацьцямі ў тым доме, дзе ўчынілася тая сварка ці крыўда, бо гэткіх спраў первей ніякія ўрады духоўныя і сьвецкія ня суджывалі, а заўсёды такія справы спраўляліся і судзіліся ў брацкім доме. 5) Калі б хто ў брацкім доме старасту зьневажыў або ключніка асароміў і