Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

званьне іх пахадзіло ад дарогі — пуці. Калі ж путныя баяры запісываліся ў вайсковую службу, то атрымлівалі назову панцырных баяроў. Панцырную службу яны павінны былі адбываць на сваім каню і ў поўнай панцырнай зброі. За гэту службу звальняліся ад усіх іншых плат і служб. Землі панцырных, або путных, баяроў называліся іх вотчынамі і пераходзілі з бацькоў на сыноў-дзяцей: яны маглі распараджацца імі як поўнай сваёй уласнасьцю — дарыць, прадаваць, толькі з адным варункам, што, атрымаўшы ад іх гэту зямлю, павінен выпаўняць тую ж самую службу, як і яе паперэдні гаспадар.

2) Путныя, або панцырныя, баяры жылі не на землёх грамадзянскіх, прыпісаных да места, павінны былі зьяўляцца на абарону места пры нападзе ворага, плаціць усе падаткі разам з мешчанамі і быць у веданьні мешчанскага суда. Акром таго, іх абавязкам было адбываць падводнаю павіннасьць або даваць каней пад паслоў і ганцоў ад гаспадара або мястовага намесьніка. Урэшце, путныя баяры разам з мешчанамі павінны былі адбываць варту ў месьце. Зямлю маглі перэдаваць у спадку, прадаваць, дарыць, зрэшта, з дазваленьня намесьніка, але затое без абавязку пакупцу адбываць службу паперэдніка.

Путныя, або панцырныя, баяры, паселеныя на землях быўшых пад ведамам старастаў і ваеводаў, станавіўшых іх уласнасьць, а такжэ на землёх прыватнаўладчых — князёў і паноў, павінны былі адбываць вайсковую службу пад сьцягамі сваіх паноў. Зьверх таго, у стасунку да паноў былі абавязанымі рознымі павіннасьцямі і лічыліся ды запраўду жылі на сваіх землёх, а не панскіх. Усё ж такі іх не зраўнівалі з другімі селянамі, і галоўная іх служба была ваенная. Калі баярын не хацеў служыць гэтай службы, ён свабодна мог пакінуць свайго пана і паступіць на другую службу, але разам з гэтым траціў права на землю. Будучы на панцырнай, ці путнай, службе, яны звальняліся ад усіх павіннасьцей у карысьць гаспадарскага скарбу. Вось як апісваюцца правы і абавязкі путных панцырных баяроў у грамаце, дадзенай у 1506 г. беларускаму намесьніку і двараніну маршалу князю