Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


Па сколькі пры вечавым ладзе ў нас не было высокіх чыноў, па столькі арыстокрацыя пастаралася іх размножыць. І мы ўжо ў XV ст. бачым разросшуюся многачысьленую службовую ерархію, якая да гэтага часу ўжо здалела расхапіць па часьцях уласьць над народам; так што беспасярэднія зносіны з народам і ўласьць перэйшлі да арыстакрацыі, займаўшай вышэйшыя дзержаўныя ўлады. Хоць усё спраўлялося ў Беларуска-Літоўскім гаспадарстве імянем князя, але ўлада фактычная прыналежала арыстакрацыі, асабліва пасьля Ягайлы, звязаўшагася з Польшчай. Злучэньне Беларуска-Літоўскага Гаспадарства з Польшчай давело ў рэшце рэшт да ўстаноўленьня мала-памалу ўсяго безмала польскага ладу ў дзержаўным справаваньні. Польская арыстакрацыя, ужо даўно здоліўшая паняволіць народ, такі зрабіла ўплыў на нашых арыстакратаў, што ешчэ пры Ягайле яны палічылі для сябе вялікай пашанай пайсьці ў прымацтво да польскай арыстакрацыі і ўзяць ад іх шляхоцкія гэрбы, а нават, закінуўшы свае даўные, папрыймаць польскія прозьвішчы.

Усьлед за гэтым скора ў Беларуска-Літоўскім Гаспадарстве зьявіўся сэнат з сэнатарамі (паперэдняя Рада) з рознымі прывілеямі арыстакратам, даваўшымі ім уладу, роўную княжай у ладзе ў іхніх, да гэтага часу, непамерна разросшыхся маётнасьцях; так што ў рэшце рэшт кожды арыстакрат у Беларусі стаўся ў сваіх уладаньнях самаістым манархам, на якога некуды было жаліцца яго нешчасьлівым падданым. Арыстакрацыя на соймах пісала законы для ўсёй дзяржавы, а ў свайго гаспадара вымагала прывілей за прывілеям, уладу за ўладай, для сябе, асобна ад сойму.

Ужо ў палавіне XV сталецьця пачаліся нарэканьня на ўзмацаваньне арыстакрацыі, захапіўшай у свае рукі ўсю ўладу над паасобнымі землямі і цэлай дзяржавай ды пільнаваўшай толькі сваіх асабістых інтарэсаў і нісколькі ня думаўшай аб агульна дзяржаўных і нацыанальных патрэбах.