Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

валадар ня мог узяць цяглага чалавека без згоды або пазваленьня цівуна і ўсіх цяглых людзей, на іх сходцы або кане. Цівун выбіраўся з мейсцовых старажылаў і зацьверджаўся гаспадарскім лістом. У ХVI сталецьці цівун з дзяржаўцы, блізка роўнага намесьніку, пераменен быў як бытцам у сельскага старасту, або валаснога старшыну, выбранага ад цяглых людзей сваей воласьці. Яго правы абмежаліся судом і паміж селянамі у іх дробных справах ды зборам падаткоў, на якіх не было назначана асобных зборшчыкаў. Але цівуны, утраціўшыя сваё ўрадовае значэньне блізка да палавіны ХVI сталецьця, у службовай ерархіі займалі даволі высокае палажэньне і мелі вялікі ўплыў на народ. Гэтак, на ўстаноўнай грамаце 1529 году, пэнсыя цівуна была блізка роўнай з пэнсыяй дзяржаўцы: цівуну ад кождай службы давалося кожды год на пяць грошы, з двох служб бочка аўса або два грошы, з двох жа служб воз сена або адзін грош, па двох кур або за іх грош, з чатырох служб бочка піва або пяць грошы і з кождай адной службы бохан хлеба цаной паўгроша. У тэй жа грамаце ўстанаўляюцца аб’езды цівуна па воласьці, паказываючыя, якое значэньне меў цівун у народзе і як цяжка яго гасьціна адбівалася на воласьці: «што ж датычэ да ўездоў цівуноўскіх па воласьці і зьбіраньня падаткоў на гаспадара і цівунскіх даходаў, то цівуны не павінны часта езьдзіць у воласьць і па доўгу аставацца там, езьдзілі бы толькі на два рокі (тэрміны) у год: на Каляды і на Спаса і аставаліся бы там кожды раз ня больш трох тыднёў; і пры гэтым не павінны аб’ежджаць сваю воласьць з вялікай сьвітай слуг, каб не ацягчаць народ, і ў паказаныя шэсьць тыдняў сабраць усе падаткі і свае даходы, а такжа пакончыць усе сваі справы і суды і дальш шасьці тыднёў не пражываць у воласьці і не пакідаць там ні намесьнікаў, ні слуг сваіх, і чаго з сабранага на свае ўтрыманьне не вытрацяць, таго не пакідаць у валасных людзей на пераховы і не браць з валасных людзей падвод, а вязьці ўсе сабранае на сваіх конях; такжа не маюць права пакідаць у воласьці на пракорм сваіх коней і лоўчых сабак».