Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прасіць аб аслоне парушанага права. Гэткія селянскія просьбы прынцыпова прызнаваліся заслуговываючымі веры. Зазвычай у адповедзь на чаломбіцьце воласьці гаспадар даваў старцам новую ўставу, у каторай «старына» знаходзіла свае замацаваньне, але скрозь і побач, пад облікам старыны заводзіліся і «навіны», супроць якіх змагалося і паўставало мейсцовае селянства. У 1560 г. дзеля таго, каб прыпыніць безупынныя закалоты з селянствам, у беларускія землі былі пасланы рэвізоры, каторыя павінны былі ўстанавіць падаткі, і, замацаваўшы іх на пісьме, тым спыніць усякія закалоты селян з адміністрацыяй.

Прыватнае землеўладніцтво не было перэважаючым у Беларусі. На шляхэцкіх землях жылі так званыя «цяглыя людзі», паміж якіх былі людзі «атчызныя» і «вольныя», або проста служба — агароднікі, печнікі, данныя кунічныя. Не мала было людзей, сядзеўшых на волі. На шляхэцкіх землях не было «челядзі нявольнай». Гэткі пярэсты ўклад прыватнаўладчага селянства — найлепшы доказ слабага разьвіцьця сельскай гаспадаркі. Залежнасьць іх ад шляхты была ў прымусовай рабоце на панскім дварэ і аплаты розных павіннасьцей. Гэта залежнасьць была вельмі разнародная на асобных маетнасьцях, як можна судзіць аб гэтым на аснове Полацкай рэвізіі 1552 г.

УРАДЫ ЦЭНТРАЛЬНЫЯ

Як раней, у княжэцкі пэрыод, князь і старшыя дружыннікі «баляры», разам [з] зямельнай арыстакрацыяй кіравалі дзержаваю, гэтак сама пазьней гаспадар і паны-рада, трымалі ў сваіх руках цэнтральнае кіраўніцтва, увесь дзержаўны аппарат. Памочнікамі іх у гэтай справе яўляліся агульна дзержаўныя дастойнікі. Самымі важнымі з іх былі тры: падскарбій, кіруючый дзержаўным скарбам, канцлер, або пісар дзержаўны, кіруючый дзержаўнай канцэлярыяй і найвышэйшы гэтман, начальствуючый над войскам. Толькі каля палавіны ХVI ст. названыя намі вышэй-