Перайсці да зместу

Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ТУРАЎСКАЕ КНЯЖСТВА

Тураў — сталіца Дрыгвічоў, галіны Крывічанскага племя, якія, паводле летапісца, «аселі між Прыпяцьцю і Дзьвіной». Што датычэ назовы «Дрыгвічы», ёсьць розныя здогады. Адны выводзяць гэту назову ад «дрыгва» (топкае балота), чым, запраўды, багат гэты край. Другія зьвяртаюць увагу на тое, што назова «Дрыгвічы» сустрэчаецца ў неколькіх мейсцох на абшару разсяленьня славянскага племя і дзеля гэтага шукаюць іншых асноў да тлумачэньня гэтага слова.

Першы раз нашы Дрыгвічы спамінаюцца ў Канстантына Багранароднага пры вылічаньні славянскіх племён. Акром нашых, паўночных Дрыгвічоў, вядомы ешчэ Дрыгвічы палуднёвыя, жыўшыя ў IХ сталецьці ў Фракіі і Македоніі.

Трэба думаць, што ўсе Дрыгвічы жылі калісь разам, мелі супольных роданачальнікаў і, дзеля жыцьцёвых вымог, адны з іх пакінулі бацькаўшчыну і перасяліліся на новыя землі. Гэта магло стацца з палуднёвымі Дрыгвічамі дзеля таго, што назовы славянскіх племён найчасьцей насілі сьляды топаграфічнага паходжэньня, як: Дрэўляне, Паляне, Северане, Палачане, Паморане і саўсім ненатуральна, што назова Дрыгвічы паходзіць ад «дрыгвы», на якой яны сяліліся.

Першым горадам у зямлі Дрыгвічоў, спамянутым у летапісі пад 980 годам, быў Тураў, заснаваньне якога летапісец прыпісывае варажскаму князю Туру. І запраўды, паміж варажскіх імён многа ёсьць, якія маюць у аснове «тур», ды таксама і між беларускімі сялібамі многа ёсьць такіх, што атрымалі сваю назову ад імён заснавацеляў: Заслаў, Браслаў, Давідгарадок, Петрыкоў і інш.; але ў гэтым здарэньні бліжэйшым праўды будзе лічыць назову — Тураў, паходзячай не ад варажскага князя Тура, а ад названьня зьвера — тур — на тэй аснове, што найперш мы сустрэчаем многа назоў сёл, сяліб, рэк, палёў і ўрочышч з кораням «тур» як у нас, так і на ўсім прастору славянскіх сяліб, а па другое, што ў Дрыгвіцкай зямлі вадзілася многа тураў, на якіх тутэйшыя жыхары палевалі. Дзеля гэтага далёка прасьцей