Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мела Беларусь ужо ў IХ — ХI сталецьцях. Галоўныя тарговыя гарады на Беларусі былі Смаленск, Полацак, Тураў і Дрогічын. Смаленск распаложэн быў на дарозе Днепр — Волхаў — Балтыцкае мора; Полацак — Днепр — Бярэзіна, Дзьвіна; Тураў — Днепр, Прыпяць — Неман; Дарагабуж — Днепр — Прыпяць — Буг — Вісла. Побач з замежнай таргоўляй істнавала ўнутрэная таргоўля, без каторай немагчыма была бы таргоўля зьнешняя. Пад канец ХI сталецьця напады качовых народаў на палуднёвую, стэпную часьць Украіны спынілі нашу таргоўлю з Візантыей, затоя значна ўзьнялася таргоўля з Захадам праз Смаленск, Вітэбск і Полацак. Цэнтральнымі тарговымі местамі ў ХII сталецьці, пасьля ўпадку Кіева, становяцца Смаленск, Ноўгарад (на поўначы) і Полацак. У Смаленску крыжаваліся два тарговыя шляхі — заходны і ўсходны, каторы ішоў з Волгі ў Балтыцкае морэ. У ХIII сталецьці ў Смаленску, Вітэбску і Полацку заўсёды жылі нямецкія купцы, якія мелі ў гэтых гарадах нават свае цэрквы і тарговыя двары, а ў Смаленску нават цэлае прэдмесьце было заселена немцамі. Яны маглі таргаваць ня толькі ў гарадах, але і па ўсіх землях, скупляючы сырыя прадукты безпасярэдна ў самага жыхарства. У таргоўлі з беларускімі землямі прыймалі ўчасьце востраў Готлянд, гарады — Брэмэн, Любех, Рыга і др. Галоўныя рэчы вывазу з Беларусі былі: воск, махнатыя скуры, каторыя прадаваліся саракамі, лён, смала, лес. Гішпанія для будовы караблёў закупляла ў Беларусі лес. З Заходу прывозілі ў Беларусь — сукно, палатно, перчаткі, панчохі, мігдалы, віны, імбір, соль. Першапачаткова (да ХII ст.) Беларусь вела таргоўлю з гор. Вісбай, на востраве Готлэндзе, з вядомай у гісторыі Эўропы нямецкай Ганзейскай сувязьзю. У Смаленску і Полацку ў ХII ст. былі гоцкія гасьцінныя двары і цэрквы; смаленцы і палачане мелі такжа свае гасьцінныя двары ў Вісьбе, куды езьдзілі са сваімі таварамі. У канцы ХII сталецьця гоцкая таргоўля пачынае выцесьняцца ганзыятыцкай. Ганзыятыцкая сувязь заключала асобныя ўмовы з беларускімі местамі, якімі рэгуляваліся іх узаемаадносіны.