Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паветах воеводзкіх і старасьцінскіх маюць быць устанаўлены ад паноў воевод і стараст паветовых, згодна статуту. А судзіць павінны разам з намесьнікам воеводзкім, або падстарастам, па тых мейсцох, як ім пакажуць паны воеводы і старасты, а зьезджацца на тыя суды ў чатыры «рокі» (тэрміны) у год, г.зн. кождую чвэрць году і ў кожды «рок» судзіць па чатыры тыдні. А позвы павінны даваць за печацямі намесьнікоў воеводзкіх або старасьцінскіх; а пры іх павінен быць пісар прысяжны, воевода або стараста. Апэляцыі на гэтых судзьдзёў павінны падавацца на імя воеводы або старасты, і дзеля гэтага воеводы або старасты кожды год два разы на Міхайлоў дзень і на самую суботу павінны даваць суд і прыезджаць у свой сталічны грод, кожды раз па чатыры тыдні. Нездаволеныя воеводзкім судом або старасьцінскім маюць права жаліцца па ім радзе або самаму гаспадару адзін тэрмін у гаду, [на] сьв. Марціна».

Пасьля суда ў веданьні стараст знаходзіліся ўсе землі, прыпісаныя да яго павету, будзь то землі гаспадарова ці прыватных асоб. А дзеля гэтага ўсе перамены па зямельнаму ўладаньню павінны не іначы як з ведама старасты і пры запісі ў устаўленыя дзеля гэтага кнігі. Гэтак ва ўстаўной грамаце 1501, дадзенай Бельскай землі, гаворыцца: «Сяляне могуць свае земскія маетнасьці дзедзічныя і купленыя продаваць, меняць, закладаць і парадкавацца імі па свайму одуму толькі не іначэй як з дазваленьня старасты і пры гэтым плаціць старасьце даступнага (увод у ўладаньне) капу грашэй». З просьб Мсьціслаўскага павету відаць, што пан стараста будаваў замак у месьце і мог па свайму одуму, дзеля патрэб замку, разьбіраць прыватныя будынкі. У 1524 гаду, з прычыны чутак аб нападзе крымскіх татароў, кароль пісаў да горадзенскага старасты: «Аж бы ваша міласьць і ўсе паны рады нашы з дварамі сваімі і са ўсімі слугамі конна і збройна сабраліся і нагатову былі... А князям і панам, і баярам, і дворным нашым ўсім, каторыя маюць свае маетнасьці ў Горадзенскім павеце, такжа бы твая міласьць сказаў гатовым быці конна і збройна і ехаць з табою на тэрмін да Бярэсьця».