будзець Полачанін чым вінен Рыжаніну, я за тым не стаю са сваімі дзяцьмі і ісправу дам. А будзець Рыжанін чым вінен Палачаніну, вы дайце ім ісправу такжа. Я вам кланяюся дзецям сваім і благаслаўляю і Бога малю» (Рус[ка]-Лівон[скія] Акт[ы]. № ХХХVIII). Тут біскуп Полацкі кланяецца чыста ўрадовай, сьвецкай асобай; у яго грамаце мова ідзе толькі аб сьвецкіх справах, — аб отпуску рыжанам збожжа і аб судзе паміж Рыжанамі і Палачанамі. Грамата паказывае, што біскуп прыймаў удзел у агульным Полацкім судзе і ледзь ня быў першым сябрам суда. Словы граматы «дам ісправу са сваімі дзяцьмі», ясна паказываюць на высокае значэньне Полацкага біскупа ў народным судзе.
У гэтай жа грамаце біскупа Якава мы маем паказаньне, што Полацкі біскуп называў Вялікага князя Полацкага сваім сынам. У грамаце Якаў кажэ Рыжанам: «а ныне ўведаў любоў вашу правую з сынам маім Вітэням». А пры біскупу Якаве Вітэнь быў вялікім князям Літоўскім і Полацкім. Сыноўскія адносіны Вітэня да біскупа Якава ніяк нельга тлумачыць хрысьціянскай пашанай Вітэня да біскупа, як да духоўнага айца, бо Вітэнь жыў і памёр не хрысьціянінам. А дзеля гэтага карэнь сыноўскіх адносін да Полацкага біскупа быў ня ў кроўнасьці да яго, як да архіпастыра Полацкай цэркві, але ў тым, што князёў у Полацкай зямлі было многа ў розных удзелах, а біскуп быў адзін і дзеля гэтага палітычна лічыўся старшым прэдстаўніком усёй Полацкай зямлі. Гэтым полацкія біскупы рожніліся ад біскупаў другіх усходнеславянскіх зямель, дзе біскупы зазвычай бывалі ў большай залежнасьці ад мейсцовых князёў. І ці ня гэтае вышэйшае палажэньне, прыналежаўшае Полацкаму біскупу, так высока ставіло яго ў рускай царкоўнай ерархіі, што ён займаў першае мейсцо пасьля Кіеўскага мітрапаліта. Пры гэтым варта адмеціць і другую дагадку высокага становішча Полацкага біскупа ў Рускай цэркві, а ласьне, што біскупство Полацкае, па часу заснаваньня яго, было найстарэйшым у ўсіх біскупств рускіх зямель, не вылучаючы і кіеўскага.
Полацкі біскуп, судзячы з пазьнейшых гістарычных данных, выбіраўся Полацкай зямлёй, г.зн. вечам. Гэтак у грама-