Перайсці да зместу

Старонка:Вяршыні жаданьняў (1930).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

I

Быў вечар палкіх парываньняў…
Цьвіла зара маёй душы.
Быў я ўстрывожаны дазваньня,
Я з новай песьняй падружыў.

Ў палёх успыхвалі зарніцы
Ў палёх праз хмары
І туман
Жывыя песьні-чараўніцы
На даўні клікалі курган…

На гонях волі,
На прасторы,
Дзе новы сьвет жыцьця гарыць,
Другія песьні,
Сьмех
І зоры
Прышла нам доля падарыць.

Сьпявай, душа — крыніца песьні,
Жывы ўзмах арліных крыл.
Ў блакітным ганку
Паднябесься
Ўздымай агонь
Жывых сьвяціл…

Руйнуй мінулых дзён галгофу,
Дзе сэрца краю Мураўёў
На жах,
На крыўду ўсёй Эўропы
Мячом Расіі пракалоў.