Старонка:Вяршыні жаданьняў (1930).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Там,
Дзесьці там, ў стапох жаданьняў,
Пад ветру сьвіст
І завываньне
Стаяла вольха на кургане
З прабітай сонцам галавой…
А навакол,
Як кінуць вокам,
Сінела поле,
Сьніўся гай,
І ўсім нязнаны,
Ўсім далёкі
Ён плыў і плыў за небакрай…
Крычалі качкі недзе ў лузе.
Ах, як даўно я тут ня быў.
Ці гэта
Дальні сон ілюзій,
Ці гэта, можа, толькі быль?
Мне ўсё адно…
Я толькі рады,
Што зноў пабачыў
Сінь нябёс,
Падгніўшы дом… А з домам разам
Забыты рой юнацкіх кроз.
Што любы край вясной вялікай,
Увесь, як май, як песьня,
Край,
Пад граньне тысячы
Музыкаў
Зламаў навек адзеньне крат.